Два семінары ў адзін дзень адбыліся ў зале Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, прыцягнуўшы да сябе асаблівую ўвагу не толькі вядомых навукоўцаў, экспертаў, грамадскіх дзеячаў, але і моладзі — студэнтаў беларускіх ВНУ. Такая шырокая зацікаўленасць зразумелая: тэмы семінараў у пасольстве сяброўскай краіны вызначыны самой сучаснасцю — «Паскарэнне ўсебаковага развіцця жанчын дзеля цудоўнай будучыні» і «Кіраўніцтва ў Кітаі ў маім успрыманні».
Сярод запрошаных да ўдзелу асоб — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэнчуань, Старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская, Старшыня Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Ніна Іванова, першая беларуская жанчына-касманаўт Герой Беларусі Марына Васілеўская, каардынатар праектаў Структуры «ААН-жанчыны» ў Беларусі Марына Ананенка і маладыя дыпламаты пасольства.
Удзельнікі абмеркавалі актуальныя пытанні стварэння падтрымлівальнага асяроддзя для ўсебаковага развіцця і пашырэння магчымасцяў жанчын, даведаліся пра новыя даныя маніторынга ў гэтай галіне.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэнчуань у сваім выступленні выказаў, што тэмы глабальнай роўнасці, развіцця сяброўскіх абменаў маюць вялікае значэнне ў сучасным сусветным і мірным парадку дня. Кітай заўжды разглядае гендарную роўнасць як аснову нацыянальнай палітыкі і настойвае на ўзмацненні ролі жанчын пры цэнтралізаваным планаванні дзяржаўнага развіцця.
Агульную цікавасць да тэмы «Кіраванне ў Кітаі ў маім успрыманні» выказалі дакладчыкі і эксперты кітайска-беларускага семінара. Яны праслухалі даклад «Самаўдасканальванне КПК: палітычная смеласць і гнуткасць, стратэгія і тактыка», «Навукова-тэхнічныя інавацыі: адкрытасць, інклюзіўнасць, прыкладны падыход». Таксама ўдзельнікі пачулі шмат новага і карыснага пра асаблівасці і мэты кітайскай мадэрнізацыі, новыя канцэпцыі развіцця Кітая на сучасным этапе. Была разгледжана тэма ліквідацыі беднасці як перамога КПК у сацыяльнай палітыцы. Ад маладых дыпламатаў пасольства была прадстаўлена тэма пра дасягненні Кітая ў рамках 14-й пяцігодкі.
Арганізатары мерапрыемства таксама падрыхтавалі для яго ўдзельнікаў цікавую дэманстрацыю розных відаў кітайскіх традыцыйных мастацтваў. Кожны мог пазнаёміцца з тэхнікай стварэння карункаў з каляровай паперы (падобна да беларускай выцінанкі), паглядзець, як майстар робіць адбітак на паперы з паверхні штампа, навучыцца вязаць упрыгажэнні — чароўныя ніцяныя вузельчыкі.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара