У старажытным горадзе Піньяа правінцыі Шаньсі (Паўночны Кітай) ужо больш за тысячу гадоў вырабляюць унікальныя лакавыя вырабы ў традыцыйнай тэхніцы «туйгуан». Мясцовыя майстры беражліва захоўваюць гэтае старадаўняе рамяство, развіваюць яго і перадаюць з пакалення ў пакаленне, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн .
Тэхналогія вырабу ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны нацыянальнага значэння Кітая, яна ўключае 66 тэхналагічных аперацый, аб’яднаных у шэсць асноўных этапаў. Сярод іх — выраб драўлянай асновы, шматразовае нанясенне лаку, роспіс і фінальная паліроўка далонню.
Па словах кітайскага майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Лэй Цяньюна, адным з ключавых этапаў з’яўляецца роспіс. Для вырабаў выкарыстоўваецца натуральны лак, які атрымліваецца з лакавага дрэва. Шматразовае нанясенне пластоў лаку, шліфоўка і наступная паліроўка далонню надаюць паверхні вырабу гладкасць, якая нагадвае яшму, і люстраны бляск.
Майстры надаюць асаблівую ўвагу прыцягненню моладзі да гэтага старажытнага мастацтва. З 2009 года Лэй Цяньюн рэалізуе праграму «Нематэрыяльная культурная спадчына прыходзіць у школы», а з 2011 года штогод навучае каля 30 вучняў. Музей лакавых вырабаў у Піньяа стаў вучэбнай базай для школьнікаў правінцыі Шаньсі, дзе яны могуць на свае вочы ўбачыць працэс стварэння традыцыйных лакавых вырабаў.
Сёння маладыя майстры актыўна пашыраюць асартымент прадукцыі: разам з буйнымі прадметамі мэблі яны ствараюць посуд, упрыгожванні і прылады для пісьмовага стала. Дзякуючы гэтаму, традыцыйнае лакавае рамяство арганічна ўпісваецца ў сучаснае паўсядзённае жыццё.
Мікалай ЛІТВІНАЎ