Top.Mail.Ru

У кітайскім Сіцзане на бясплодных землях стварылі вінаградную галіну коштам 200 млн юаняў

У павеце Сангры Сіцзанскага аўтаномнага раёна (Паўднёва-Заходні Кітай) на пустынных землях сфарміравалася вінаградная галіна з сукупным коштам прадукцыі звыш 200 мільнаў юаняў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».



Улетку вінаградныя палеткі Сангры пакрываюцца густой зелянінай. Яшчэ дзесяць гадоў таму на гэтым месцы была пустыня. З-за суровага высакагорнага клімату, шквалістых вятроў і інтэнсіўнага ўльтрафіялетавага выпраменьвання эксперты лічылі гэты рэгіён зонай, якая абсалютна непрыдатная для сельскай гаспадаркі.

У 2011 годзе ў павеце заклалі першы гектар вінаграднікаў, даўшы старт унікальнаму эксперыменту па вырошчванні гэтай культуры на экстрэмальных вышынях. Даследчая група апрабавала больш за 60 сартоў вінаграда, укараніла тэхналогію глыбокай пасадкі і справілася з такімі суровымі фактарамі, як нізкія тэмпературы, шквалістыя вятры і сонечныя апёкі лісця. Так «забароненая зона» ператварылася ў перспектыўны аграрны раён.

Улады павета зрабілі вінаградарства ключавым напрамкам развіцця: былі ўпарадкаваны зямельныя адносіны, мадэрнізавана інфраструктура, створаны міжсельскі партыйны камітэт для каардынацыі галіны. Сур’ёзную падтрымку аказала рабочая група па дапамозе Сіцзану з горада Юэян правінцыі Хунань (Цэнтральны Кітай), якая накіравала ў павет вопытных аграномаў.

Дзякуючы інвестыцыям у памеры 258 млн юаняў у рэгіёне правялі меліярацыю глеб і праклалі сістэмы кропельнага арашэння. Сёння Сангры — найбуйнейшая вінаградарская база Сіцзана, якая афіцыйна прызнана самай высакагорнай у свеце плантацыяй па апрацоўцы сорту «відаль-блан».

Паралельна развіваюцца перапрацоўка і збыт. Мясцовае вінаробнае прадпрыемства адаптавала традыцыйныя тэхналогіі і выпусціла лінейку ледзяных вінаў, адно з якіх заваявала папулярнасць у Сянгане і Малайзіі. Прарыў у лагістыцы дапамог вырашыць праблему дастаўкі далікатнага тавару з высакагор’я. Улады адкрылі лагістычныя пункты непасрэдна пры вінакурнях, запусцілі спецыяльныя грузавыя авіярэйсы для дастаўкі вінаграду і стварылі склады ў буйных гарадах.

Зараз вінаградная галіна павета Сангры ўяўляе сабой паўнавартасны вытворчы ланцужок, які аб’ядноўвае вырошчванне вінаграду, вінаробства і экатурызм. Праект ахапіў 10 вёсак, забяспечыўшы працай больш за 2700 чалавек і павялічыўшы сярэднегадавы даход мясцовых жыхароў больш як на 20 %.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю