Top.Mail.Ru

У кітайскім Сіцзане захоўваюць і развіваюць старажытныя саляныя палі

У павеце Манкан (Сіцзанскі аўтаномны раён, Паўднёва-Заходні Кітай) рэалізуюць комплекс мер па захаванні і развіцці старажытных саляных палёў, узрост якіх перавышае 1300 гадоў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн» .



Саляныя промыслы Манкана раскінуліся па берагах ракі Ланцанцзян. Гісторыя саляварэння ўзыходзіць да эпохі Тан (618–907 гг.). Соль атрымліваюць не з ракі, вада ў якой прэсная, а з-пад зямлі: з нетраў гор б’юць салёныя крыніцы, тэмпература расолу дасягае 80 °C.

Старажытныя саляныя палі — не музейны экспанат, а дзейная сістэма. Першапачаткова соль выпарвалі на раўніне, аднак палі часта заносіла селевымі патокамі і рачным глеем. Тады промыслы перанеслі на стромкія схілы, дзе збудавалі драўляныя памосты: кіпарысавыя слупы, насціл з галінак і травы, а зверху — пласт мясцовай чырвонай або белай гліны. На гліну заліваюць расол, а далей у справу ўступаюць вецер і сонца.

Па адной тэхналогіі тут атрымліваюць два віды солі. На заходнім беразе, дзе выкарыстоўваюць чырвоную гліну, атрымліваюць чырвоную соль, а на ўсходнім, дзе выкарыстоўваюць белую гліну, — белую. Пік вытворчасці чырвонай солі прыпадае на перыяд цвіцення персіка, у другім-трэцім месяцы па месяцавым календары, таму яе называюць «персікавай соллю».

У 2008 годзе тэхналогія выпарвання солі з падземных расолаў увайшла ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны дзяржаўнага значэння. У 2013 годзе саляныя палі атрымалі статус помніка дзяржаўнага значэння Кітая і ўвайшлі ў папярэдні спіс ЮНЕСКА. З чэрвеня 2023 года дзейнічае мясцовае палажэнне аб іх ахове.

Улады павета выдзелілі звыш 1,2 млн юаняў на аднаўленне саляных палёў. Таксама актыўна развіваецца турызм.

У 2024 годзе Манкан наведалі больш за 1 млн турыстаў, а даход ад турызму склаў 140 млн юаняў.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю