Медная скульптура бясструннай піпы (кітайскі чатырохструнны шчыпковы музычны інструмент тыпу лютні. Адзін з самых распаўсюджаных і вядомых кітайскіх музычных інструментаў. Першыя згадкі піпы ў літаратуры адносяцца да III стагоддзя, першыя выявы — да V стагоддзя) у горадзе Цзюцзян (правінцыя Цзянсу, Усходні Кітай) стала папулярнай у сацыяльных сетках. Штодзённы паток наведвальнікаў гэтай турыстычнай зоны перавысіў 10 тысяч чалавек, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Цзюцзян — горад з больш чым 2200-гадовай гісторыяй, вядомы як «сталіца паэзіі». Тут жылі і тварылі Бо Цзюі, Лі Бо, Таа Юаньмін і іншыя выдатныя старажытнакітайскія паэты. 21 класічны верш і літаратурны твор, звязаны з Цзюцзянам, увайшлі ў агульнанацыянальныя падручнікі для пачатковай і сярэдняй школы Кітая.
Менавіта тут адбываецца дзеянне паэмы Бо Цзюі «Піпа». У ёй паэт, які знаходзіўся ў ссылцы ў Цзянчжоў (цяпер Цзюцзян), апісаў віртуозную гульню на піпе і няпросты лёс выканаўцы, якая сустрэлася яму. У гонар паэмы ў Цзюцзяне быў створаны павільён «Піпа».
Сёння прагулка па набярэжнай каля павільёна «Піпа» бясплатная, а ўваход у сам павільён, перад якім знаходзіцца скульптура музычнага інструмента, каштуе 30 юаняў. Пры гэтым турысты, здольныя поўнасцю прачытаць паэму на памяць, могуць прайсці бясплатна.
Апроч скульптуры піпы, папулярнасцю карыстаецца тэматычны маршрут «Падарожжа па Цзюцзяне па падручніку». Па словах суправаджаючага навучальныя групы выкладчыка У Вэя, перанос урока на месца, дзе нараджаліся вершы, ажыўляе тэкст: від на раку і жывыя тлумачэнні робяць вобразы паэмы аб’ёмнымі, а фармат навучання «на хаду» значна больш займальным, чым звычайныя заняткі.
Улады горада зрабілі стаўку на аб’яднанне паэтычнай і літаратурнай спадчыны з развіццём турызму, пастаянна пашыраючы палітру фарматаў: ад творчых прагулак па гары Лушань, «воблачных» канцэртаў і касцюміраваных тэатральных шэсцяў да ранішняй традыцыйнай гімнастыкі ў акадэміі «Грота белага аленя» і вечароў светлавога шоу на возеры Сіхай каля падножжа гор Лушань.Дзякуючы кароткім відэа з выкарыстаннем штучнага інтэлекту і лічбавым светлавым устаноўкам цікавасць да горада ў сацыяльных сетках працягвае расці, а разам з ёй павялічваецца і рэальны турыстычны паток: анлайн-папулярнасць эфектыўна ператвараецца ў наведванні славутасцяў.
Прадстаўнік турыстычнай кампаніі Цзюцзяна Тань Сяацянь адзначыла, што багатая гісторыка-культурная спадчына — галоўны рэсурс горада, а яе сучаснае, лічбавае і інтэрактыўнае пераасэнсаванне — ключ да доўгатэрміновай папулярнасці.
Мікалай ЛІТВІНАЎ