Top.Mail.Ru

У кітайскім Тунжэне павялічваецца вытворчасць чаю матча

Крыніца дабрабыту 110 тысяч чаяводаў.

Кітай з’яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам чаю матча, і чвэрць яго вырабляецца ў горадзе Тунжэнь, што ў правінцыі Гуйчжоу (Паўднёва-Заходні Кітай), паведаміла «Жэньмінь жыбаа» анлайн»


У мінулым годзе аб’ём продажаў матчы ў гэтым рэгіёне перавысіў 1200 тон, а кошт прадукцыі дасягнуў 300 млн юаняў. Тунжэнь займае першае месца ў Кітаі па аб’ёме вытворчасці і продажаў матчы і другое месца ў свеце па яго экспарце.

Матча — гэта не проста здробнены зялёны чай. Кожны этап ад вырошчвання да збору і перапрацоўкі адрозніваецца ад тэхналогіі вытворчасці традыцыйнага зялёнага чаю. Калі для звычайнага чаю збіраюць далікатныя пупышкі і лісточкі ўручную, то для матчы выкарыстоўваецца лісце з парасткамі, якія можна збіраць машынным спосабам.

Размешчаны на 27-й паўночнай шыраце горад Тунжэнь мае ўнікальныя прыродныя ўмовы: высакагор’е, нізкія шыроты і моцныя туманы ствараюць ідэальнае асяроддзе для вырошчвання чайных кустоў.

Вытворчасць матчы ў Тунжэне ахоплівае 7 ключавых чаевырабляльных паветаў і 34 пасёлкі, садзейнічае развіццю больш як 40 прадпрыемстваў па вытворчасці здробненага чаю і забяспечвае работай 110 тысяч чаяводаў. У рэгіёне налічваецца 85 тыс. му (5,67 тыс. га) плантацый чаю для вытворчасці матчы.

Матча з Тунжэня знайшла прымяненне ў выпечцы, напоях, таварах для здароўя, касметыцы і прадметах паўсядзённага выкарыстання. Мясцовыя прадпрымальнікі ствараюць інавацыйныя прадукты, у тым ліку матча-рыбу, і ладзяць святочныя банкеты з матчай.

Тунжэнь нездарма атрымаў тытулы «кітайская сталіца матчы» і «база высакаякаснай кітайскай матчы». Сёння матча тунжэньскай вытворчасці экспартуецца ў 52 краіны і рэгіёны. Толькі за першую палову гэтага года аб’ём экспарту склаў 230 тон, перавысіўшы паказчык усяго мінулага года — 180 тон.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю