Гэта ўнікальны і першы ў краіне праект, які спалучае ў сабе практычнае навучанне, прафесійныя пробы і стасункі з людзьмі, якія ведаюць працу на зямлі з уласнага вопыту. Назвалі школу «Каласок». Браць удзел у праекце будуць каля 600 дзяцей — прадстаўнікоў Мінскай вобласці з Клецкага, Барысаўскага, Вілейскага, Слуцкага і Чэрвеньскага раёнаў.
Прынцып «роўны — роўнаму»
Ён закладзены ў аснову школы, дзе жывая размова з вопытным спецыялістам дапаможа асвоіць складаную прафесію. А практычныя заняткі з прымяненнем сучасных лічбавых рашэнняў і трэнажораў дазволяць убачыць, што сучасны камбайн — гэта высокатэхналагічнае абсталяванне, якое патрабуе ведаў, дакладнасці і адказнасці.
Да праекта далучацца пяць каледжаў і дзесяць сельскагаспадарчых арганізацый — гэта дазволіць зрабіць навучанне даступным. Асаблівая роля ў школе належыць настаўнікам — лідарам уборачнай кампаніі Міншчыны, дванаццаці членам клуба камбайнераў-перадавікоў «Залаты колас».
Мэта праекта — дапамагчы моладзі ўбачыць сучасныя магчымасці сельскай гаспадаркі, павысіць прэстыж прафесіі камбайнера і прыцягнуць маладых спецыялістаў у аграрную галіну цэнтральнага рэгіёна. Навучэнцы паступова будуць знаёміцца з устройствам сельскагаспадарчай тэхнікі, вучыцца яе абслугоўваць і асвойваць навыкі кіравання. Для гэтага прадугледжаны заняткі ў майстэрнях і лабараторыях каледжаў, работа на трэнажорах-сімулятарах, майстар-класы і шэраг іншых мерапрыемстваў.
«Каб вы маглі годна працаваць на роднай зямлі»
Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА, даючы старт гэтаму праекту, падкрэсліў яго значнасць для Мінскай вобласці.
— На «Дажынках» у Дзяржынску мы прэзентавалі клуб элітных камбайнераў-перадавікоў «Залаты колас», куды ўвайшлі найлепшыя механізатары цэнтральнага рэгіёна, у іх ліку і прадстаўнікі Клецкага раёна, — сказаў Аляксей Кушнарэнка. — Мы дамовіліся, што свой вопыт і веды яны будуць перадаваць моладзі, таму сфарміравалі на базе сярэдніх школ, профільных каледжаў гэты маладзёжны рух пад назвай «Каласок». Для вас падрыхтаваны эксперыментальны практыка-арыентаваны навучальны план, каб прывіць вам любоў да прафесіі, каб вы маглі годна працаваць на роднай зямлі.
Завяршаючы сваё выступленне, кіраўнік вобласці пажадаў юнакам плённай вучобы і работы.
Сертыфікаты ўдзельнікаў ва ўрачыстай абстаноўцы моладзі ўручыў трактарыст-машыніст з ААТ «Кухчыцы» Клецкага раёна Павел ШУЦІЛА:
— Жадаем маладым людзям, каб яны прыходзілі да нас, мы будзем ім тлумачыць усё, — заклікаў ён да работы на зямлі. — Наступным летам будзем чакаць вас. Мы ўпэўненыя, што вы — будучыня нашай краіны і ў вас усё атрымаецца.
«Мне б, вядома, хацелася працягнуць яго справу»
Студэнт 2-га курса Клецкага сельскагаспадарчага каледжа Дзмітрый Шуціла захацеў стаць удзельнікам школы маладога камбайнера не толькі з-за бацькі-рэкардсмена. Ён марыць пра гэту прафесію. Хоць, як прызнаўся малады чалавек, па слядах бацькі ў прафесійным плане ён ганарыцца рухацца.
— Мне б, вядома, хацелася працягнуць яго справу, — прызнаўся юнак. — Мне гэта работа падабаецца, нават нягледзячы на яе складанасць.
У Дзмітрыя ўжо ёсць першы сур’ёзны вопыт — ён дапамагаў бацьку падчас уборачнай.
— Так, летам працаваў разам з ім, — адзначыў ён. — Прыходзіў з раніцы, дапамагаў яму камбайн прадуваць, змазваць. Бацька мяне ахвотна браў з сабой. Хоць, вядома, мне яшчэ шмат чаму трэба навучыцца.
Мы не маглі не спытаць сціплага Дзмітрыя пра гонар за бацьку.
— Я вельмі ім ганаруся, — з усмешкай адзначыў юнак. — Працуе ён увесь час: і зімой, і летам. Зімой яму лягчэй.
Студэнт 2-га курса гэтага ж каледжа Ілья СІЦЬКО родам з Клецкага раёна. Малады чалавек зацікавіўся школай маладога камбайнера, таму што ў яго з гэтым звязана мара — у будучыні працаваць на камбайне.
— Нам расказвалі, што тут навучаць ім кіраваць, — з цікавасцю адзначыў юнак. — Магу падзяліцца, чаму я выбраў для сябе такі шлях — мой бацька працуе на камбайне ў ААТ «Кухчыцы», ён перадавік. І брат там жа працуе на трактары, а мінулым летам і на камбайне таксама. Складанасць працы ў сельскай гаспадарцы мяне не адштурхвае, а, наадварот, вабіць. Мне гэта перадалося ад бацькі, а яму ад майго дзядулі.
Яго аднакурсніку Івану ГАПАНОВІЧУ любоў да працы на зямлі таксама перадалася ад бацькі і брата. Цікава, што выбар прафесіі ўсе нашы суразмоўцы зрабілі, гледзячы на сваіх родных.
— Яны працуюць у «Шчэпічах-Агра» Клецкага камбікормавага завода, — расказаў Іван. — Таму я таксама вырашыў звязаць сваё жыццё з гэтым кірункам. Я мару працаваць у ААТ «Кухчыцы» і раўняюся на перадавікоў гэтай гаспадаркі і ў цэлым нашага раёна. Цікавасць да гэтай работы мне сапраўды перадалася ад мужчын нашай сям’і. Кіраваць самому камбайнам — гэта, адназначна, складана, але разам з тым і вельмі цікава.
Даслоўна
Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА ў размове з журналістамі адзначыў, што ў Клецкім сельскагаспадарчым каледжы для ўдзельнікаў школы маладога камбайнера быў устаноўлены трэнажор — сімулятар камбайна.
— Мы набылі яго за кошт сродкаў, што былі выдзелены за аб’яўленне Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь працаўнікам аграпрамысловага комплексу Мінскай вобласці, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. — Больш за тое, за кошт гэтых сродкаў мы плануем набыць яшчэ два такія трэнажоры для каледжаў у Вілейцы і ў Барысаве. Такім чынам мы інвесціруем у будучыню сельскай гаспадаркі Міншчыны.
Акрамя таго, мы будзем задзейнічаць матэрыяльна-тэхнічную базу і кадравы патэнцыял Смілавіцкага і Слуцкага каледжаў. Для рабят падрыхтаваны эксперыментальны, але вельмі цікавы план. Галоўная наша мэта — пераемнасць на прыкладзе канкрэтных людзей, якія дасягнулі вялікіх прафесійных вышынь, матываваць падрастаючае пакаленне да любові да прафесіі і годнай працы на роднай зямлі.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ