Штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаюць Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Гэтыя святыя сімвалы аб’ядноўваюць нас, беларусаў, у адну вялікую сям’ю, адлюстроўваюць гістарычную пераемнасць і духоўныя каштоўнасці беларускага народа. У іх увасоблены нашы дасягненні ў працы, перамогі на спартыўных арэнах і мірнае неба над роднай зямлёй. Шанаваць свае галоўныя сімвалы, выхоўваць у падрастаючага пакалення пачуццё павагі да іх, а разам з тым пачуццё гонару і адказнасці за нашу краіну — абавязак кожнага яе жыхара. Як адзначалі гэтае вялікае свята — у матэрыяле карэспандэнтаў «Звязды».
У Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна беларуская сталіца стала сведкай маштабнай грамадзянскай акцыі. На праспекце Пераможцаў было арганізавана грандыёзнае шэсце. Тут пранеслі самы вялікі ў краіне Дзяржаўны сцяг даўжынёй у 500 метраў!
Прэм’ер-міністр таксама павіншаваў суайчыннікаў са святам і пажадаў міру і росквіту нашай Беларусі.
На чале калоны ішоў разлік барабаншчыкаў-кадэтаў. Сёлета ўпершыню аналагічныя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах. Відэа з рэгіёнаў было сінхранізавана з цэнтральнай падзеяй у Мінску.
Шматлюдна было і ў самым сэрцы сталіцы — на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, адкрываючы ўрачыстую цырымонію ўшанавання дзяржаўных сімвалаў, зачытаў зварот Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. «Павага да герба, сцяга і гімна яднае нас і ўзмацняе патрыятычны настрой у адносінах да важкіх дасягненняў краіны і суайчыннікаў. І надалей гэтыя сімвалы будуць выклікаць пачуццё гонару, дачынення да лёсу Беларусі і адказнасці за яе будучыню», — сказана ў віншаванні.

Неад’емныя часткі незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны
Як адзначыў у размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, нашы дзяржаўныя сімвалы — герб, сцяг і гімн — грунтуюцца на гістарычнай памяцi i з’яўляюцца неад’емнай часткай незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны: «Важна гэтыя сімвалы не проста шанаваць, ведаць, але і такім чынам адзначаць ва ўрачыстых мерапрыемствах. Ну і, вядома ж, выхоўваць моладзь, падрастаючае пакаленне».
Спікер Палаты прадстаўнікоў таксама па просьбе журналістаў пракаменціраваў навіну аб тым, што днямі Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў нашым спартсменам выступаць пад дзяржсімволікай. «Выступаць пад сваім сцягам для спартсменаў — гэта вялікі гонар, — акцэнтаваў Ігар Сергяенка. — Тым больш, калі ты падымаешся на п’едэстал, займаеш прызавое месца і гучыць гімн тваёй краіны, якую ты прадстаўляеш, — гэта вельмі хвалююча. Нават па сабе скажу: калі ў Панафрыканскім парламенце некалькі гадоў таму, калі віталі нашу дэлегацыю, загучаў наш гімн, усе ўсталі — было прыемна да мурашак».
«Частка нашага культурнага і гістарычнага кода»
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў у размове з журналістамі заўважыў, што многае ў нашых дзяржаўных сімвалах запазычана і шмат у чым падобна на дзяржаўную сімволіку БССР: «І гэта нядрэнна, — упэўнены Уладзімір Пярцоў. — Гэта вызначыў народ тры дзесяцігоддзі таму. Мы ганарымся сваімі сімваламі. Кожны сапраўдны патрыёт, чалавек, які любіць сваю Радзіму, калі ўздымаецца сцяг, калі гучыць гімн, падпявае, глядзіць з гонарам, у кагосьці нават слёзы наварочваюцца, таму што гэта частка нашага культурнага і гістарычнага кода».

«Грунтавацца на базавых канстытуцыйных прынцыпах»
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Сяргей Сівец звярнуў увагу на тое, што на цырымоніі былі прадстаўлены ўсе ўзроставыя і сацыяльныя групы насельніцтва, і гэта вельмі важна.
«Гэта менавіта тое, што ў развіцці нашых канстытуцыйных прынцыпаў, грамадзянскай згоды, народнага адзінства ўвасабляе наш суверэнітэт, нашу незалежнасць, нашу дзяржаўнасць. І мы павінны далей маштабаваць падобнага роду мерапрыемствы, выхоўваць нашу моладзь. Яна павінна грунтавацца якраз на гэтых базавых канстытуцыйных прынцыпах, якія маюць і вялікі гістарычны бэкграўнд развіцця нашай беларускай дзяржаўнасці, і сучасны стан, сучаснае наша дзяржаўнае развіццё», — сказаў ён.
«Сімвалы, якія цэментуюць нацыю, у якіх закладзены самыя галоўныя ідэі нашай дзяржаўнасці»
Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у размове з журналістамі заявіў, што герб, сцяг і гімн — гэта нязменныя атрыбуты любой дзяржавы. «Яны, як правіла, ва ўсіх краінах нясуць асаблівасці характару, традыцый, культуры. І, вядома, для нас гэта абсалютна не выключэнне, — перакананы кіраўнік МЗС. — Для нас — гэта сімвалы, якія цэментуюць нацыю, у якіх закладзены самыя галоўныя ідэі нашай дзяржаўнасці, традыцый і культуры беларускага народа — міралюбнага, прыгожага, яркага, народа, які імкнецца да працы. Таму, вядома ж, вельмі важна правядзенне такіх мерапрыемстваў, важна, калі ў цябе ў сэрцы гэтыя сімвалы, калі ты знаходзіш час для таго, каб са сваімі сябрамі, знаёмымі ці проста з беларусамі аб’яднацца сёння ў такім адзіным парыве любові і павагі да галоўных сімвалаў сваёй краіны».

Неад’емны атрыбут суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны
У размове з журналістамі міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў, што дзяржаўныя сімвалы — гэта неад’емны атрыбут суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны.
Менавіта таму, паводле слоў міністра адукацыі, сёння прывіваюць любоў да дзяржаўных сімвалаў нашым дзецям, пачынаючы з дзіцячага садка. «У кожным дзіцячым садзе аформлены куткі дзяржаўнай сімволікі. Нашы дзеткі ўжо з чатырох гадоў знаёмяцца з дзяржаўнымі сімваламі, а ў пяць-шэсць гадоў яны ўжо падпяваюць гімн, — паведаміў Андрэй Іванец. — Безумоўна, прыходзячы ў школу, усе ўрачыстыя лінейкі пачатку-заканчэння чвэрцяў, усе дзяржаўнай святы пачынаюцца з урачыстага цырыманіялу вынасу Дзяржаўнага сцяга, калі самым лепшым вучням, якія вызначыліся ў грамадскай дзейнасці, вучобе, спорце, творчасці, даецца высокі гонар вынесці Дзяржаўны сцяг і ўсім разам выканаць Дзяржаўны гімн».
«Для кожнага спартсмена вельмі важна выступаць пад сваімі сімваламі»
Міністр спорту Сяргей Кавальчук у размове з журналістамі нагадаў, што Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў беларускім спартсменам выступаць пад нашай дзяржаўнай сімволікай.
«Вельмі важна, што гэта адбылося напярэдадні такога значнага мерапрыемства для ўсёй краіны. Мы сёння, знаходзячыся тут, у гэтым святым месцы, бачым сэнс нашых дзяржаўных сімвалаў. Таму для кожнага спартсмена, для кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь вельмі важна выступаць пад сваімі сімваламі, праслаўляць нашу краіну, прадстаўляць яе на міжнароднай арэне. Для спартсменаў гэта важна ўдвая, а то і ўтрая», — рэзюмаваў кіраўнік спартыўнага ведамства.
«Вельмі важна з самага дзяцінства прывіваць любоў і разуменне важнасці і глыбіні нашых сімвалаў»
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталля Паўлючэнка падкрэсліла, што беларускія сімвалы — сапраўдная крыніца натхнення і гонару за нас, за Беларусь, за нашу краіну: «Вельмі важна з самага дзяцінства прывіваць любоў і разуменне важнасці і глыбіні нашых сімвалаў».
Старшыня Пастаяннай камісіі падкрэсліла, што наша краіна нацэлена толькі на развіццё, на тое, каб грамадзяне Беларусі жылі лепш. Паводле слоў парламентарыя, вельмі важна і сімвалічна, што наша дзяржаўная сімволіка суправаджае нас на ўсіх урачыстых мерапрыемствах. «І на дзяржаўных святах, і непасрэдна на школьных лінейках, і на самых простых сямейных святах. Дзяржаўная сімволіка заўсёды ўсяляе ў душы нашых людзей вельмі добры настрой, натхненне і той погляд у будучыню, які гаворыць пра тое, што Беларусі быць, Беларусі жыць і Беларусь ідэнтычная праз свае дзяржаўныя сімвалы. У яе свой шлях, і гэты шлях, безумоўна, светлы», — рэзюмавала Наталля Паўлючэнка.
«Нашы сімвалы нас аб’ядноўваюць і мабілізуюць і ў мірны час»
Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў у размове з журналістамі заявіў, што дзяржаўныя сімвалы ўмацоўваюць міжнароднае пазіцыянаванне краіны.
«Працуючы ў многіх краінах свету, я бачыў, як людзі ставяцца да сваіх сцяга і гімна. У адной супердзяржаве, напрыклад, сцяг мабілізуе, аб’ядноўвае ў самыя складаныя моманты жыцця гэтай краіны. Але нашы сімвалы нас аб’ядноўваюць і мабілізуюць і ў мірны час, клічуць на працоўныя подзвігі, на спартыўныя дасягненні. Таму вельмі важна, што такое ёсць свята ў календары дзяржаўных падзей», — паведаміў Сяргей Рачкоў.
«Як нашы продкі абаранялі нашу Радзіму, так і мы ўсеразам павінны аб’яднацца за агульную справу»
У мерапрыемстве, прысвечаным святкаванню Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, узялі ўдзел прадстаўнікі моладзі, ваенна-патрыятычных класаў і клубаў, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, курсанты і ваеннаслужачыя. Карэспандэнты «Звязды» даведаліся, з якім настроем яны прыйшлі ў гэты святочны дзень на Плошчу Дзяржаўнага сцяга.
Студэнтка інстытута бізнесу БДУ Вікторыя Дуніна прыйшла ў святочны дзень на Плошчу Дзяржаўнага сцяга з аднагрупнікамі. Для маладых людзей Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна — неверагодна важнае і цёплае свята.
«Мы верныя сваім традыцыям, паважаем традыцыі нашай дзяржавы, паважаем усю нашу краіну і ганарымся тым, што яна нам дае, — адзначыла Вікторыя Дуніна. — І на самай справе мы шчаслівыя быць пад крыламі нашай роднай дзяржавы, якая робіць вельмі шмат у плане падтрымкі і развіцця моладзі. Мы, студэнты, заўсёды рады прысутнічаць на такіх значных для нашай краіны мерапрыемствах».
Супрацоўнік універмага «Беларусь» Андрэй Маскаленка на Плошчу Дзяржаўнага сцяга прыйшоў разам з сябрамі і калегамі. Паводле яго слоў, гэта добрае і вялікае свята:
«Мы з радасцю ўшаноўваем сцяг, герб і гімн, пад якімі мы нарадзіліся, пад якімі мы жывём усё наша свядомае і несвядомае жыццё. Як чалавек, які прайшоў службу ў арміі, я прыносіў прысягу пры гэтых сімвалах, таму для мяне вельмі важна шанаваць і захоўваць іх. Калі ў нас не будзе дзяржаўных сімвалаў, не будзе нашага гімна, сцяга і герба, то мы не зможам лічыць сябе паўнавартаснай нацыяй, паўнавартаснай і сапраўды суверэннай дзяржавай».
Вучань сталічнай сярэдняй школы № 47 імя В. С. Мічурына Уладзіслаў Шумскі прыйшоў на плошчу Дзяржаўнага сцяга разам са сваімі аднакласнікамі і настаўнікамі. Малады чалавек прызнаўся, што сёлета плануе паступаць на гістарычны факультэт БДУ. Шанаваць дзяржаўную сімволіку, на яго думку, у гэты няпросты час асабліва важна. «Гэта наша памяць, якую ўсё часцей і часцей спрабуюць перапісаць за мяжой нашы апаненты. І як нашы продкі абаранялі нашу Радзіму, так і мы ўсе разам павінны аб’яднацца за агульную справу. І тады мы зможам выйсці пераможцамі ў гэты складаны час», — падагульніў старшакласнік.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Шэсце з самым вялікім сцягам Беларусі стартавала ад стэлы «Мінск — горад-герой»
Навіной гэтага года стала тое, што шэсце са сцягам 500 м даўжынёй і 9 м шырынёй арганізавана ад стэлы «Мінск — горад-герой» да плошчы Дзяржаўнага сцяга праз калідор грамадстваў са сцягамі.
Арганізатарам шэсця з’яўляецца Штаб патрыятычных сіл. Сцяг па праспекце Пераможцаў нясуць вядомыя дзеячы культуры, спорту, сродкаў масавай інфармацыі — каля 800 чалавек. На чале калоны ідзе разлік барабаншчыкаў-кадэтаў — гэта таксама навінка.
Акрамя таго, сёлета ўпершыню аналагічныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх абласных цэнтрах. Відэа з рэгіёнаў сінхранізавана з цэнтральнай падзеяй у Мінску.
Упершыню ў Мінску самы вялікі сцяг краіны (даўжынёй 500 м і шырынёй 9 м) пранеслі па праспекце Пераможцаў у 2025 годзе.



Стометровы сцяг Беларусі пранеслі да легендарнага «Кургана Славы» на Міншчыне
У шэсці ўзялі ўдзел кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама, а таксама моладзь, актывісты з розных галін: медыкі, настаўнікі, будаўнікі, прадстаўнікі лясной галіны, ратавальнікі, работнікі культуры, міліцыянеры, энергетыкі — усяго 200 чалавек. Іх суправаджаў духавы аркестр Маладзечанскага каледжа імя Агінскага.
Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, адзначыў, што нацыянальныя сімвалы Беларусі пазнавальныя ва ўсім свеце, а іх гісторыя сыходзіць каранямі ў глыбокае мінулае, з’яўляючыся адлюстраваннем шматвяковай эвалюцыі нашага народа ў сучасную незалежную дзяржаву.
— Колеравая гама сцяга, кожны элемент герба, радок гімна нясе ў сабе глыбокі сэнс, — дадаў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.
Менавіта дзяржаўныя сімвалы нязменна суправаджаюць перамогі сучаснай Беларусі ў эканоміцы, навуцы, культуры, спорце, падкрэсліў губернатар Міншчыны.

— Кажучы пра спорт, не магу не адзначыць перамогу справядлівасці ў сувязі з прыняццем рашэння Міжнароднага алімпійскага камітэта аб дазволе выступаць беларускім спартсменам са сцягам і гімнам без якіх-небудзь абмежаванняў на ўсіх міжнародных стартах. За 31 год кіраўнік нашай дзяржавы разам з народам стварыў магутны палітычны, эканамічны і сацыяльны падмурак незалежнай краіны, зрабіўшы нацыянальныя сімвалы вядомымі ва ўсім свеце.
Старшыня Мінаблвыканкама яшчэ раз нагадаў: сцяг, герб і гімн Беларусі — гэта змацавальнае звяно паміж рознымі гістарычнымі эпохамі.
Мы павінны берагчы нашу незалежнасць і развіваць нашу краіну дзеля будучых пакаленняў.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА
Сімвалам Радзімы аддалі даніну павагі ў Гомелі
Гомель адзначыў Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь тысячнай калонай веласіпедыстаў і 81-метровым палатном нацыянальнага сцяга.
Як сімвал адзінства, згуртаванасці і павагі да сваёй краіны пранеслі праз гарады і раёны Дзяржаўны сцяг удзельнікі маштабнага велапрабегу «Разам пад сцягам краіны». У Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь марафон, які аб’яднаў Гомельшчыну, фінішаваў у абласным цэнтры.

Яго ўдзельнікі за пяць дзён пераадолелі больш за тысячу кіламетраў па тэрыторыі рэгіёна. Стартаваў велапрабег 5 мая ў Жыткавічах як прысвячэнне да галоўных дзяржаўных свят — Дня Перамогі і Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Ініцыятыву рэалізавалі 12 спартсменаў, сярод якіх - трэнеры спецыялізаваных навучальна-спартыўных устаноў, аматары веларуху. Удзельнікі падзяліліся на групы «Поўдзень» і «Поўнач», каб праехаць усю вобласць. На фінальным этапе ў Гомелі да марафону далучыліся больш за тры тысячы жыхароў абласнога цэнтра. Святочная калона праехала ад вуліцы Фрунзэ да Палаца водных відаў спорту.
— Упэўнены, што гэтая ініцыятыва знойдзе водгук у многіх і стане сапраўдным прыкладам нашай грамадзянскай актыўнасці, — вітаючы ўдзельнікаў веламарафону «Разам пад сцягам краіны», падкрэсліў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Між тым урачысты мітынг, прысвечаны дзяржаўнаму святу, прайшоў у Гомелі адначасова з усёй краінай. У прамым эфіры цырымонію разам з іншымі рэгіёнамі трансліравалі ў Мінску.
— Сёння, калі ў свеце ідзе барацьба за праўду, за гісторыю, за права народаў захоўваць сваю ідэнтычнасць, значэнне дзяржаўных сімвалаў толькі ўзрастае. Гэта наш падмурак, наша апора. Пакуль мы паважаем свае сімвалы, мы адзіныя, а пакуль мы адзіныя — мы моцныя, — звярнуўся да жыхароў Гомельшчыны Іван Крупко.
Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што дзяржаўная сімволіка — гэта тры сімвалы, на якіх грунтуецца гісторыя краіны, лёс народа, яго шлях, выпрабаванні і перамогі. За дзяржаўнымі сімваламі заўсёды стаяць людзі і іх лёсы — пакаленне пераможцаў, што штурмавала Рэйхстаг, тыя, хто пасля вайны аднаўляў і будаваў мірную Беларусь, развіваў прамысловасць і адстойваў незалежнасць сваёй краіны.

У час святочнага мітынгу ў шэрагі дзіцячых і маладзёжных арганізацый Гомельшчыны прынялі прадстаўнікоў падрастаючага пакалення, якія дабіліся поспехаў у вучобе, творчасці, спорце і грамадскай дзейнасці.
Значкі акцябрат, гальштукі піянераў і членскія білеты БРСМ школьнікам уручылі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч і член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.
З пачуццём вялікага гонару за краіну і яе дасягненні гамяльчане пранеслі па галоўнай плошчы абласнога цэнтра 81-метровае палатно Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Маштабнае шэсце па гістарычным цэнтры горада стала адным з самых яркіх і відовішчных момантаў святочных мерапрыемстваў у Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Даўжыня сцяга сімвалічна ўвасобіла 81-ы мірны год у жыцці нашай краіны.
Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»
У Магілёве на свята дзяржсімвалаў 30 рабят сталі акцябратамі, піянерамі і членамі БРСМ
Свята, прысвечанае Дню Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, сабрала ў Магілёве каля 10 тысяч чалавек. Па традыцыі прадстаўнікі моладзі прынеслі клятву дзяржсімвалам Рэспублікі Беларусь. У сваім звароце да прысутных старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка адзначыў, што свята яднае вакол сябе ўсіх беларусаў і нагадвае пра традыцыі.
— Наш сцяг — гэта сімвал мужнасці, гонару і працавітасці, — падкрэсліў ён. — Герб адлюстроўвае нацыянальнае адзінства, павагу да гістарычнай памяці і стваральнай працы. А гімн — урачыстая клятва адданасці Радзіме, голас кожнага грамадзяніна краіны.

У рамках свята дзяржаўных сімвалаў адбылося і ўступленне 30 рабят у рады дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Дзесяці з іх губернатар разам з сенатарам, старшынёй Магілёўскага аблсавета Аляксандрам Гарошкіным уручылі акцябрацкія зорачкі, яшчэ дзесяці павязалі піянерскія гальштукі. Астатнія дзесяць прадстаўнікоў моладзі атрымалі білеты членаў БРСМ. Момант развітання з піянерскім гальштукам і ўступлення ў БРСМ асабліва кранальны. Ён сімвалізуе пераход юных патрыётаў з адной маладзёжнай арганізацыі ў іншую. Рабяты аддаюць апошні «піянерскі салют» і здымаюць піянерскія гальштукі, што сімвалізуе завяршэнне этапу піянерскага дзяцінства.
Цэнтральнай падзеяй свята стала разгортванне 100-метровага Дзяржаўнага сцяга. Яго пранеслі па плошчы Леніна каля 300 прадстаўнікоў моладзі, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый. Дарэчы, палотнішча сімвала зроблена на магілёўскім прадпрыемстве ААТ «Магатэкс».
Як азначалася падчас свята, Дзень дзяржаўных сімвалаў закліканы захаваць непарыўную сувязь пакаленняў, выхаваць у грамадзян павагу да дзяржаўнай сімволікі суверэннай Беларусі, умацаваць нацыянальную самасвядомасць і пачуццё патрыятызму.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby