Top.Mail.Ru

У краіне пачалася чарговая планавая адпраўка грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве

У краіне пачалася чарговая планавая адпраўка грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на мерапрыемствах у Мінску і Гродне


«Памятайце, што вас заўсёды чакаюць і любяць дома»

У сталіцы прызыўнікоў урачыста праводзілі каля стэлы «Мінск — горад-герой».

Намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Алег КОРЗУН, выступаючы на ўрачыстым мітынгу, адзначыў, што гэты дзень для ўсіх прысутных асаблівы.
— У нашых дзяцей надыходзіць новы, вельмі важны і адказны этап у жыцці, — адзначыў ён. — Служба ва Узброеных Сілах — гэта ганаровы абавязак. Гэты час праляціць хутка. 



Я шчыра жадаю, каб вы з гонарам і годнасцю пранеслі службу, знайшлі новых сяброў. Памятайце, што вас заўсёды чакаюць і любяць дома. Поспехаў, здароўя і мірнага неба ўсім нам!

— Прызыў грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве ўвосень гэтага года ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 22 ліпеня 2026 года № 247. Усяго прызыву для праходжання тэрміновай ваеннай службы падлягае каля 10 тысяч чалавек, — назваў лічбы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік першага ўпраўлення галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл палкоўнік Алег ЧАРНЕНКА. — Акрамя таго, каля 600 чалавек для праходжання службы ў рэзерве. З 22 кастрычніка пачаліся планавыя адпраўкі. У гэты дзень маладыя людзі папоўняць шэрагі злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных Сіл. У прыватнасці, сіл спецыяльных аперацый, Мінскай ваеннай камендатуры, 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра, 361-й базы аховы і абслугоўвання.

У чацвер, па словах Алега Чарненкі, у войскі было накіравана парадку тысячы грамадзян. Цырымонія прыняцця ваеннай прысягі новым папаўненнем адбудзецца 21 лістапада ў злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл.

— Традыцыйна мы гэта мерапрыемства праводзім каля Парку Перамогі, каля падножжа стэлы «Мінск — горад-герой». Гэта вельмі сімвалічна, дарагія прызыўнікі, — звярнуўся да хлопцаў ваенны камісар горада Мінска палкоўнік Аляксей КАЛЫВАНАЎ. — Сёння вы адпраўляецеся для праходжання тэрміновай ваеннай службы ў злучэнні, воінскія часці Узброеных Сіл. Будзе, вядома, нялёгка, але вы праўнукі і ўнукі народа-пераможцы. Я перакананы, вы з гонарам і годнасцю выканаеце тую задачу, якая перад вамі будзе стаяць.


Асобна Аляксей Калыванаў звярнуўся да бацькоў, у якіх ад хвалявання і гонару за сыноў блішчэлі слёзы на вачах.

— Паверце, вашы дзеці ў надзейных руках, — запэўніў ваенны камісар Мінска. — Яны, узмужнелыя, здольныя крытычна ацэньваць тое, што адбываецца, прымаць самастойныя рашэнні, вернуцца дадому праз год ці паўтара. Я жадаю ўсім моцнага здароўя, мудрасці і цярпення. У добры шлях!

«Нават думкі не дапускаў не ісці служыць»

Спыталі пра настрой у саміх прызыўнікоў і іх блізкіх. Вячаслаў Козел, які накіраваўся ў роту ганаровай варты, ведаў, што павінен выконваць абавязак перад Радзімай.

— Пакуль няма ніякіх чаканняў. Я ў прадчуванні! — падзяліўся эмоцыямі юнак.

Падтрымаць яго прыйшлі мама Іна і тата Аляксандр.

— Адпраўляць сыночка вельмі хвалююча, але ён наш гонар, — расказала нам жанчына. — У мяне слёзы на вачах, але гэта трэба перажыць. Я не ведаю, што такое служба ва Узброеных Сілах. І ён пакуль не ведае. Спадзяёмся, што ўсё складзецца добра.


Бацька Вячаслава падкрэсліў, што юнак нават думкі не дапускаў не пайсці служыць, прытрымліваючыся прыкладу старэйшых.

— Так, я таксама ў свой час адслужыў, — падзяліўся ўспамінамі тата. — Я сыну даў адзін наказ: быць шчырым і служыць сумленна!

Валерыя прыйшла падтрымаць свайго маладога чалавека Антона, які будзе служыць у 103-й Віцебскай паветрана-дысантнай брыгадзе.

— Мне цяжка вельмі, але планую прыязджаць да яго кожныя выхадныя, калі будзе атрымлівацца, — падзялілася дзяўчына.

Маладыя людзі сустракаюцца ўжо год.

— Думаю, мы вытрымаем гэты перыяд разам, — упэўненасказала Валерыя. — Вядома, у Антона ёсць хваляванне, усё ж такі гэта зусім новы этап у жыцці. Ён гаварыў, што ў яго ёсць імкненне да прасоўвання па службе. Буду трымаць за яго кулачкі!

Сям’я Маршчонак прыйшла падтрымаць сына Ягора, які таксама адправіўся на ваенную службу.

— Я служыў ужо вельмі даўно, каля 27 гадоў таму, — падзяліўся ўспамінамі галава сямейства. — Я быў у Мінску, мой сын — у Віцебску. Безумоўна, я яму расказаў, што яго чакае ў самым пачатку, як я гэта сабе ўяўляю. Ганаруся ім вельмі. Калі прыедзем на прысягу, ужо, напэўна, больш сур’ёзна ўсвядомім, што наш сын служыць ва Узброеных Сілах!

«Адслужу як трэба і вярнуся!» 

У Гродне навабранцаў адпраўлялі ад абласнога зборнага пункта ваеннага камісарыята. 

Як адзначыў начальнік накіравання прызыву на ваенную службу — намеснік ваеннага камісара Гродзенскай вобласці Сяргей Патапчук, усяго з рэгіёна на тэрміновую ваенную службу накіруюць каля 1500 чалавек. З гэтай колькасці каля 100 грамадзян будуць служыць у рэзерве.

— Навабранцы будуць праходзіць службу як у Гродзенскім рэгіёне, так і ў іншых абласцях краіны. У першы дзень адпраўкі, паводле традыцыі, прызываюць эліту Узброеных Сіл — каля 120 чалавек адправяцца ў 5-ю брыгаду спецыяльнага прызначэння, у 361-ю базу аховы і абслугоўвання цэнтральных органаў ваеннага кіравання, Мінскую ваенную камендатуру і іншыя часці, — паведаміў намеснік ваенкама.


Данііла Бярдоўскага на службу праводзіла вялікая кампанія. Хлопец родам з Воранава, яму 21 год, скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, адпраўляецца на службу ў 361-ю базу аховы і абслугоўвання цэнтральных органаў ваеннага кіравання. Юнак адзначыў, што, вядома, будзе сумаваць па грамадзянскім жыцці і па людзях, якія застаюцца тут. Але да службы ставіцца абсалютна спакойна.

— Настроены я аптымістычна, хоць пачуцці цяпер даволі змешаныя — ёсць і сум, і радасць адначасова. Але я разумею, што гэта новы досвед, праз які павінен прайсці кожны мужчына. Ды і любыя новыя веды — гэта крута, а ўсё, што звязана з арміяй і ваеннай справай, заўсёды пазнавальна. Думаю, час праляціць хутка. Хто ведае, можа, мне настолькі спадабаецца, што нават захочацца застацца на кантракт.

Ёсць сярод навабранцаў і сапраўдныя зоркі. Іван Булыга са Слоніма — спартсмен. Ён майстар спорту міжнароднага класа па веславанні. Сёлетні год стаў для яго паспяховым. Юнак заваяваў «золата» і «бронзу» на чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі, а таксама ўзяў «золата» на чэмпіянаце свету сярод студэнтаў.

— На службу я адпраўляюся ў Спартыўны камітэт Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Настроены па-баявому і вельмі рады, што патрапіў менавіта туды, — падзяліўся хлопец. — Большую частку свайго жыцця я займаюся спортам і вельмі спадзяюся, што ў арміі ў мяне таксама паспяхова атрымаецца працягваць сваю спартыўную кар’еру і развівацца далей.

Ілью Кукаловіча праводзілі маці Наталля і бацька Уладзімір.

— Хвалююся, вядома, як і любая маці. Гляджу на яго сёння і паверыць не магу: здаецца, яшчэ зусім нядаўна я вучыла яго рабіць першыя крокі, аберагала... А зараз ён вырас, стаў такім вялікім, дарослым мужчынам, які ідзе абараняць Радзіму... Будзем вельмі сумаваць, чакаць кожнага званка. Галоўнае — каб служба прайшла спакойна, а камандзіры сталі для нашых сыноў надзейнымі настаўнікамі.


— Я цалкам падтрымліваю сына — армія фарміруе характар, вучыць адказнасці за сябе і за таварышаў, дае стрыжань, які спатрэбіцца на ўсё жыццё, — сказаў Уладзімір. — Хвалявання ў мяне няма, ёсць упэўненасць у сыне. Няхай служыць годна, не баіцца цяжкасцяў і сумленна выконвае свой абавязак перад Радзімай. А мы тут, дома, будзем моцным тылам, будзем чакаць яго са службы.

Ілья таксама настроены пазітыўна, хоць і крыху ўсхваляваны.

— Пачынаецца зусім новы этап у жыцці. Я іду служыць свядома, лічу, што кожны мужчына павінен прайсці гэту школу, навучыцца дысцыпліне і ваеннай справе. Рады, што сёння побач мая сям’я — іх падтрымка для мяне цяпер важней за ўсё. Упэўнены, што год праляціць хутка, я адужэю, даведаюся шмат новага і вярнуся дадому пасталелым.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ, 
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю