Праекты, якія заклікаюць адмовіцца ад курэння, стартуюць з наступнага тыдня ва ўсіх рэгіёнах. Падчас аднаго з іх можна будзе змераць ціск і выканаць спіраметрыю ў пэўных арганізацыях аховы здароўя. Яго мэта — паказаць, што часта павышаны ціск выяўляецца ў курыльшчыкаў. Людзям, у якіх акажуцца высокія паказчыкі, будзе праведзена адпаведная кансультацыя медыка. Спіраметрыя дапаможа вызначыць ёмістасць лёгкіх і наглядна прадэманстраваць, што ў тых, хто курыць, аб’ём лёгкіх істотна ніжэйшы, чым у здаровых.
Як растлумачыла загадчык аддзялення грамадскага здароўя аддзялення грамадскага здароўя і сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга БАРТМАН, гэтыя даследаванні накіраваны на тое, каб насцярожыць людзей і нацэліць на прыняцце мер, якія дапамогуць захаваць здароўе, настроіць на адмову ад спажывання тытунёвай і нікаціназмяшчальнай прадукцыі.
Другі праект будзе праходзіць у сацыяльных сетках пад слоганам «Не куры — займіся спортам!». Там з’явяцца ролікі, дзе супрацьпастаўляецца фізічная актыўнасць, заняткі фізкультурай, спортам спажыванню тытунёвай і нікаціназмяшчальнай прадукцыі.
— Гэта таксама дапаможа прыцягнуць увагу да праблемы і паказаць, што здаровае актыўнае жыццё нашмат лепш і прыемней, чым жыццё, калі тваё здароўе падвяргаецца небяспецы з боку ўсіх складнікаў, якія звязаны з курэннем, — адзначыла Вольга Бартман.
Цяперашняя акцыя «Беларусь супраць тытуню», у рамках якой арганізаваны названыя праекты і шэраг іншых мерапрыемстваў, прымеркавана да Сусветнага дня без тытуню і праводзіцца з 11 мая да 5 чэрвеня.
Пры гэтым, паводле інфармацыі выконваючага абавязкі кіраўніка краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Валянціна РУСОВІЧА, за апошнія 25 гадоў курэнне сярод мужчын у Беларусі знізілася амаль на 20 %. СААЗ станоўча ацэньвае намаганні Міністэрства аховы здароўя па кантролі над ужываннем тытуню сярод дарослых і дзяцей.
— Па афіцыйнай інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта можна адзначыць паступовы, але значны прагрэс. У 2000-х гадах распаўсюджанасць мужчынскага курэння дасягала каля 59 %, жаночага — прыкладна 4 %. Паводле апошніх звестак, сёння кураць 38 % мужчын.
А вось колькасць жанчын, якія кураць, павялічылася практычна ў два разы і знаходзіцца на адзнацы 10–11 %, — прывёў даныя спецыяліст.
Але найбольшую занепакоенасць ва ўсім свеце выклікае эпідэмія выкарыстання дзецьмі і падлеткамі электронных сістэм дастаўкі нікаціну. Па даных даследавання СААЗ 2021 года, сярод дзяцей 13–15 гадоў 14 % хлопчыкаў і 15 % дзяўчынак ужывалі прадукты вейпаў. Яшчэ большую занепакоенасць у гэтым даследаванні выклікаў той факт, што больш за 40 % дзяцей 13–15 гадоў не атрымалі адмову пры куплі цыгарэт.
— З пункту гледжання Сусветнай арганізацыі аховы здароўя адмова ад курэння і стымуляванне сістэмы аховы здароўя па лекавай адмове ад курэння з’яўляецца адной з самых эфектыўных мер для паляпшэння сітуацыі са смяротнасцю ад неінфекцыйных захворванняў. У свеце налічваецца 1,3 мільярда спажыўцоў тытуню. Яго спажыванне, а ў апошні час і павелічэнне спажывання вейпаў і прэпаратаў нікаціну, па-ранейшаму адносіцца да адзінага патэнцыяльна ўстараняльнага фактару рызыкі неінфекцыйных захворванняў, — рэзюмаваў Валянцін Русовіч.
Алена КРАВЕЦ