Трэці — Бацькаў
У Міжнародны дзень абароны дзяцей стартавала рэспубліканская акцыя «Трэці — Бацькаў», ініцыяваная Беларускай партыяй «Белая Русь». Падарункі падчас выпіскі з радзільнага дома атрымаюць усе матулі, якія нарадзілі трэцяе дзіця. Гэта нацыянальная кашуля ў куфары з асабicтай нацыянальнай легендай. Першую «Бацькаву кашулю» (менавіта такую назву яна мае) ва ўрачыстай абстаноўцы ў 1-м радзільным доме Мінска атрымаў маленькі Арцемій, які нарадзіўся ў сям’і Марыі і Яўгена Лабанавых. Учора такія падарункі атрымала 13 сем’яў па ўсёй краіне.

.jpg)
У сям’і Лабанавых выхоўваецца ўжо двое старэйшых дзетак: шасцігадовая Ала і пяцігадовы Антон. Бацькі вельмі хацелі, каб у сям’і з’явілася яшчэ адно дзіця, а брацік і сястра з нецярпеннем чакалі з’яўлення Арцёмія. Учора сям’я, цяпер ужо ў новым статусе шматдзетных, сустрэлася ў радзільным доме № 1 Мінска — тата са старэйшымі дзеткамі прыехалі сустракаць Марыю з Арцёміем пасля выпіскі. Кветкі, паветраныя шары, віншаванні, аднак усё не зусім звычайна — галоўныя пажаданні ў гэты важны дзень ад імя кіраўніка дзяржавы перадала сям’і Лабанавых прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля ЭЙСМАНТ.


— Сёння мы з вамі пачынаем традыцыю — магчыма, не самую глабальную, але вельмі цёплую і важную, прычым важную для ўсёй нашай краіны. Гэта сімвалічны падарунак, бо па-першае, ён ад Прэзідэнта нашай краіны. Па-другое, мы віншуем вас з 1 чэрвеня, Днём абароны дзяцей. І самае галоўнае — гэта хрысцільная кашуля, а Хрышчэнне — гэта духоўная абарона, што вельмі важна, — адзначыла, звяртаючыся да маладых бацькоў Наталля Эйсмант. — Пачынаючы гэтую акцыю 1 чэрвеня, мы падкрэсліваем, што кожнае беларускае дзіця кожны дзень пад абаронай нашага Прэзідэнта. І, вядома ж, Прэзідэнт кожны дзень працуе на тое, каб ва ўсіх беларускіх дзетак над галавой была чыстае, мірнае неба. Таму самыя добрыя словы віншавання вам, вашай цудоўнай сям’і, здароўя дзеткам і вам, шчасця. Ну а ўсёй нашай краіне больш шматдзетных сем’яў — вось такіх выдатных і прыгожых.

Праект «Трэці — Бацькаў» — шматбаковая ініцыятыва, галоўнай мэтай якой з’яўляецца паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, папулярызацыя сямейных каштоўнасцей і павышэнне прэстыжу шматдзетнай сям’і. Ён рэалізуецца пры партнёрстве з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам юстыцыі і канцэрнам «Беллегпрам».

— Зараз мы назіраем момант вялікага шчасця, калі ўся сям’і разам, калі ўсе радуюцца таму, што на свет з’явіўся яшчэ адзін чалавек — трэці. І наш Прэзідэнт заўсёды кажа, што трэцяе дзіця — гэта маё. Таму акцыя так і называецца — «Трэці — Бацькаў», бо «пасля цяпла ва ўлонні маці сагрэе бацькава кашуля». І гэта сапраўдны абярэг, — адзначыла старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» Вольга ЧАМАДАНАВА.


Дарэчы, кашулі для немаўлят распрацаваны і выраблены на прадпрыемстве ААТ «Знамя індустрыялізацыі». Яны з ільну з вышыўкай шаўковымі ніткамі ў выглядзе беларускага арнаменту. Выраб дапоўнены тэматычнай стужкай.

— Вельмі прыемна атрымаць такія падарункі ў гэты важны дзень, бо для нашай сям’і нараджэнне дзіцяці — вялікае свята. Яшчэ не паспелі асэнсаваць, што мы шматдзетная сям’я. Калі шчыра, мы ніколі не задумваліся менавіта над тым, каб у нас быў статут шматдзетных. Проста мы ведалі, што мы хочам яшчэ малога. Але, безумоўна, прыемна, што ў нашай дзяржаве так ставяцца да сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеткі і мы ўдзячныя за падарункі і клопат, — адзначыла Марыя Лабанава.
Урывак з легенды «Бацькава кашуля»
Каб усе няшчасцi і хваробы абмінулi,
Спрадвеку продкі ведалi сакрэт:
Тут дапаможа бацькава кашуля.
I гэта — самы моцны абярэг
Для немаўля пасля ўлоння маці,
Пасля цяпла, пяшчоты рук яе,
Заступу дасць і сілу сэрца бацькі.
Алена КРАВЕЦ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ