Штогод падчас уборачнай кампаніі кожная вобласць пасля пераадолення мільённага намалоту адзначаецца ў Палацы Незалежнасці сваім караваем. Традыцыйна кандытары здзіўляюць нестандартнымі рашэннямі, эксперыментуюць з памерамі вырабаў, прадумваюць усё да драбнюткіх дэталяў. У выніку кожны каравай ператвараецца ў сапраўдны твор мастацтва.
Выстаўка кандытарскага майстэрства нязменна прыцягвае ўвагу гасцей Палаца Незалежнасці. Зусім нядаўна караваі ўважліва разглядалі госці з Манголіі.
А для айчынных экскурсантаў сфатаграфавацца з вырабам сваёй вобласці — абавязковая частка наведвання Палаца Незалежнасці. Але выбраць найлепшы складана. І раз ураджай збіралі ўсёй краінай, то і выбіраць найлепшы сімвал гэтай талакі таксама вырашылі разам.

Удзел у галасаванні прынялі больш як 500 тысяч чалавек. Свайго прадстаўніка ў бітве караваяў падтрымлівала кожная вобласць. І крэатыву тут не менш, чым у стваральнікаў саміх вырабаў. Сацыяльныя сеткі былі запоўненыя плакатамі з заклікамі галасаваць за сваіх. У інтэрнэце разгарнуўся сапраўдны відэафлэшмоб — людзі запісвалі ролікі ў падтрымку свайго фаварыта.
Але, калі сур’ёзна, то бітва караваяў — гэта не проста інтэрнэт-спаборніцтва. Гэта чарговая падзяка працавітым аграрыям, якія забяспечылі краіну харчаваннем. Менавіта дзякуючы ім беларусы могуць не турбавацца пра тое, ці будзем мы з хлебам, і замест гэтага ладзіць жартоўныя спаборніцтвы. І, вядома, — гэта безумоўнае пацвярджэнне таго, наколькі таленавітыя беларускія майстры, здольныя рабіць такія кандытарскія шэдэўры.
Па выніках інтэрнэт-галасавання пераможцам стала Магілёўская вобласць. Паўтара метра вышынёй і 100 кілаграмаў вагой — такі каравай-мільённік ад гэтага ўсходняга рэгіёна. Каравай Магілёўшчыны — гэта сапраўдны твор мастацтва, выкананы з пшаніцы новага ўраджаю, які цяпер займае ганаровае месца ў Палацы Незалежнасці і стварае святочную атмасферу для наведвальнікаў. Кажуць, што магілёўскі каравай — асаблівы, з мясцовым каларытам.
Суперніцтва аказалася па-сапраўднаму гарачым: лёс першага месца вісеў на валаску да самага фіналу, разрыў паміж лідарамі аказаўся мінімальным. Другое месца — у каравая Міншчыны, завяршае тройку лідараў ураджайны сімвал Брэсцкай вобласці — ён сёлета з’явіўся ў Палацы першым.
Цудоўныя караваі па-ранейшаму ўпрыгожваюць Залу ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці — яны сталі сапраўднай святочнай экспазіцыяй.
А майстроў, якія падарылі гэтую прыгажосць, запрасілі на экскурсію ў Палац Незалежнасці. Гэта выдатны спосаб сказаць дзякуй за іх талент і карпатлівую працу.

Зроблена з любоўю і цяплом
Галоўны тэхнолаг ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Дамачай» (каравай-пераможца спечаны на гэтым прадпрыемстве) Святлана РЫБКОВА прызнаецца, што было вельмі прыемна і ганарова атрымаць першае месца з «Бітвы караваяў».
— Нашы спецыялісты ўклалі ў гэты каравай усё сваё майстэрства і прафесіяналізм, — кажа яна. — Упрыгожванні для паўтараметровага здобнага прыгажуна вагой 100 кілаграмаў рабілі на працягу двух тыдняў нашы паважаныя майстры — пекары вытворчасці № 3 г. Магілёва Наталля Мінчанкова і Алена Міжулёва.
Адметная асаблівасць каравая Магілёўскай вобласці ў тым, што ён выкананы ў сакавітых хлебных тонах. У яго прыгатаванні прымянялася асаблівая тэхніка выпечкі, пры якой элементы атрымліваліся розных адценняў — ад залацістага да цёмна-карычневага. На чатырох ярусах адлюстраваная ўся гісторыя атрымання ўраджаю. Знізу — каласы, палеткі, сама вёска. На другім і трэцім ярусах прадэманстраваны збор збожжа камбайнамі, размол зерня для атрымання мукі. У якасці элементаў выкарыстоўваюцца каласы, арнамент, сімволіка Беларусі. На верхнім ярусе — герб Магілёўскай вобласці, паколькі каравай сімвалізуе ўраджай Прыдняпроўскага краю.
Святлана Рыбкова звяртае ўвагу, што дасведчаным спецыялістам у стварэнні каравая дапамагала яшчэ і малады кандытар Дар’я Пячора.
— У нас на прадпрыемстве вялікая ўвага ўдзяляецца настаўніцтву, перадачы вопыту моладзі, — адзначае Святлана Рыбкова. — Сярод аўтарытэтных настаўнікаў наша Наталля Мінчанкова — прызёр шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Яна выконвае вельмі складаныя работы, стварае сапраўдныя шэдэўры з цеста, выкарыстоўваючы пры гэтым розныя тэхнікі і віды цеста. Дар’я якраз вучыцца ўсім гэтым прыёмам. Яна дапамагала майстрам рабіць гэтую прыгажосць.
Слоган кампаніі «Дамачай» — «Зроблена з цеплынёй» і, як адзначае галоўны тэхнолаг, гэта не пустыя словы.
— Уся без выключэння наша прадукцыя гатуецца з вялікай любоўю і цеплынёй да спажыўцоў, паважаных жыхароў Беларусі, — прызнаецца яна. — А калі рабілі каравай, адчувалі адказнасць за ўвесь ураджай Магілёўскай вобласці. Імкнуліся сваёй работай прадэманстраваць багацце і ўрадлівасць нашага рэгіёна. І вельмі рады, што нашу працу так высока ацанілі.
Нэлі ЗІГУЛЯ