У Крычаве пасля ўмяшання пракуратуры прынялі дадатковыя меры па добраўпарадкаванні райцэнтра. Пра гэта БелТА паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.
Пракуратура Крычаўскага раёна праверыла выкананне заканадаўства аб добраўпарадкаванні раённага цэнтра і запатрабавала ліквідаваць парушэнні ў рабоце зацікаўленых органаў і арганізацый.
У прыватнасці, былі ўстаноўлены факты несвоечасовага рамонту тратуарнай пліткі і дарожнага палатна. Перш за ўсё перашкоды для свабоднага праходу пешаходаў стварала разбураная тратуарная плітка па дарозе да бальніцы. На пэўных участках, у тым ліку паблізу ўстаноў адукацыі, меліся крытычныя выбоіны, небяспечныя для ўдзельнікаў дарожнага руху.
У адным з кварталаў горада пракуроры выявілі пашкоджаныя канструкцыі карнізаў дахаў на шматкватэрных жылых дамах. Знойдзены парушэнні пры абыходжанні з бытавымі адходамі і ўтрыманні месцаў пахавання: там своечасова не вывозілі смецце, не выкошвалі пустазельную расліннасць і не ажыццяўлялі прыборку аварыйных дрэў.
Павышаную ўвагу аддалі пытанням азелянення горада і забеспячэння належнага догляду за высаджанымі дрэвамі і кустамі. Падчас праверкі былі выяўлены не прыбраныя загінулыя іглічныя расліны, некаторыя дрэвы не атрымлівалі належнага догляду.
Пракурор Крычаўскага раёна ўнёс прадстаўленне ў Крычаўскі райвыканкам, у якім запатрабаваў ліквідаваць выяўленыя парушэнні.
Акт нагляду разгледжаны з удзелам пракурора — кампетэнтныя службы і арганізацыі прынялі дадатковыя меры па добраўпарадкаванні горада.