Top.Mail.Ru

У Купалаўскім тэатры адбылася творчая сустрэча, прысвечаная 30-годдзю беларускага парламентарызму

«Сёння ў Беларусі створаны сур’ёзны заканадаўчы падмурак»

У чацвер у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася творчая сустрэча «Служэнне Айчыне. Служэнне сцэне», прысвечаная памяці членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі першага і другога скліканняў, народных артыстаў СССР Мікалая Яроменкі і Расціслава Янкоўскага. Мерапрыемства прымеркавана да 30-годдзя ўтварэння Нацыянальнага сходу пасля рэферэндуму 1996 года.

Сёння кіраўнік дзяржавы ставіць задачу не проста падтрымліваць лепшыя прадпрыемствы, а маштабаваць паспяховы вопыт, дамагацца высокай эфектыўнасці, тэхналагічнай дысцыпліны і рэальных вынікаў. І гэтая новая ініцыятыва Савета Рэспублікі (праводзіць тэматычныя сустрэчы з сенатарамі розных скліканняў, якія прадстаўляюць усе напрамкі ад творчасці, вытворчасці, сельскай гаспадаркі, медыцыны, адукацыі і навукі) шмат у чым адпавядае гэтай задачы — праз канкрэтных людзей, іх вопыт, прафесійны шлях, стаўленне да справы і краіны.

Адкрываючы творчую сустрэчу, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава звярнула ўвагу, што сёлета Нацыянальнаму сходу Беларусі спаўняецца 30 гадоў. Спікер нагадала, што рашэнне аб стварэнні двухпалатнага парламента было прынята беларускім народам па выніках рэспубліканскага рэферэндуму, які адбыўся 24 лістапада 1996 года. 


«За тры дзесяцігоддзі было зроблена вельмі шмат, праведзена сур’ёзная работа, асабліва тымі людзьмі, якія стаялі каля вытокаў. Толькі ў першым скліканні было прынята 18 кодэксаў, якія вызначылі далейшае развіццё нашай краіны, — канкрэтызавала Наталля Качанава. — Сёння ў Беларусі створаны сур’ёзны заканадаўчы падмурак, і ўсё гэта дзякуючы тым людзям, якія працавалі на працягу трох дзесяцігоддзяў у Савеце Рэспублікі. За гэтыя гады ў Савеце Рэспублікі папрацавалі і працуюць 392 парламентарыі. Яны зрабілі ўсё, каб мы сёння жылі ў такой цудоўнай краіне». 

Спікер падкрэсліла, што гэтая сустрэча адкрывае цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных членам Савета Рэспублікі папярэдніх скліканняў: «Гэта прафесіяналы сваёй справы — урачы, настаўнікі, педагогі, работнікі сельскай гаспадаркі, творчая інтэлігенцыя... Гэта тыя людзі, якія прадстаўлялі кожны рэгіён нашай краіны і прызначаліся ўказамі Прэзідэнта. Гэта тыя людзі, якія сябе зарэкамендавалі не толькі як прафесіяналы, але і сапраўдныя патрыёты». 


Наталля Качанава ўзгадала Мікалая Яроменку — чалавека, які быў і вялікім артыстам, і мудрым сенатарам. І сказала яго словы, якія сёння гучаць як запавет: «Артыст павінен быць са сваім народам — і плакаць, і смяяцца». Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу, што Яроменка і Янкоўскі жылі менавіта так — са сваім народам. Не над ім. Не ў баку. А побач — на сцэне, у зале, у парламенце, у жыцці. 

«І сёння, у год 30-годдзя беларускага парламентарызму, мы схіляем галаву перад тымі, хто ствараў традыцыі Савета Рэспублікі. Яны не дзялілі жыццё на сцэну і трыбуну. Для іх служэнне мастацтву і служэнне Айчыне былі адзіным цэлым», — акцэнтавала Наталля Качанава. 


Ініцыятыва Савета Рэспублікі заклікана паказаць жывую сувязь паміж заканадаўчай дзейнасцю, эфектыўным кіраваннем і вытворчымі дасягненнямі. Так, напрыклад, Мікалай Яроменка стаў членам Савета Рэспублікі першага склікання ў 1997 годзе (намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях), Расціслаў Янкоўскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1985 годзе, членам Савета Рэспублікі другога склікання ў 2000 — 2004 гадах (членам Пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях).

Міністр культуры Марат Маркаў падкрэсліў, што Мікалай Яроменка і Расціслаў Янкоўскі жывуць сёння сярод нас менавіта таму, што мы пра іх памятаем: «Яны сапраўды прайшлі велізарныя цяжкасці, але, што самае важнае, яны ніколі не здраджвалі сваёй краіне. Калі ты адрываешся ад зямлі, ад сваёй краіны, ад свайго народа, нічога, акрамя безнадзейнасці, у тваім жыцці больш не будзе. У гэтых людзей гэтага не адбылося. Менавіта таму мы заўсёды гаворым пра іх». 


Перад удзельнікамі мерапрыемства выступілі прадстаўнікі Купалаўскага тэатра і запрошаныя артысты. У праграме былі ўспаміны аб вайне і Радзіме, вершы савецкіх паэтаў, песні Пахмутавай, Высоцкага і Магамаева, выступленні калег і ветэранаў Савета Рэспублікі. 

Як адзначыў у размове з журналістамі член Савета Рэспублікі трэцяга і чацвёртага скліканняў Мікалай Мартынаў, правядзенне такіх сустрэч — гэта не толькі магчымасць пагутарыць са старэйшымі калегамі. «Гэта яшчэ і выдатная магчымасць падзяліцца досведам і кампетэнцыямі з больш маладымі калегамі. У такія моманты многія з нас пачынаюць адчуваць сябе патрэбнымі і карыснымі людзьмі». 

Мікалай Мартынаў прапанаваў праводзіць такія сустрэчы як мінімум адзін раз на год. «Таму што ў нас ёсць шмат людзей, якія ўсё сваё свядомае і творчае жыццё аддалі на карысць росквіту нашай краіны. Таму я думаю, што такія сустрэчы будуць карысныя і для моладзі, і для нас у тым ліку». 


Член Савета Рэспублікі пятага і шостага скліканняў Святлана Герасімовіч лічыць, што такія сустрэчы на самай справе трэба працягваць: «Тое, што сабралі старэйшае пакаленне, людзей дзяржаўных, вялікіх людзей, сенатараў, — гэта вельмі важна. Мы сёння, я лічу, нават пару гадоў жыцця сабе дадалі такой сустрэчай, таму што ўспомнілі вялікіх артыстаў. Яны жылі для сям’і, але ў першую чаргу — для краіны. І сёння як ніколі вельмі важна тое, што мы жывём у мірнай Беларусі, тое, што мы любім сваю краіну, ганарымся ёй. І мы, старэйшае пакаленне, у тым ліку працягваем рабіць усё для таго, каб у нас быў мір, спакой і шчасце нашых людзей». 

У размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава заявіла, што за 30 гадоў існавання Нацыянальнага сходу зроблена вельмі шмат: «Па сутнасці справы, створаны заканадаўчы падмурак нашай краіны, нашай дзяржавы. Вядома, асабліва складана было тым, хто быў першым, — першаму, другому скліканням... Таму ў гэты юбілейны год мы павінны ўспомніць пра тых, хто працаваў, не толькі займаючыся прафесійнай дзейнасцю на сваіх працоўных месцах, на прадпрыемствах, у арганізацыях, ва ўстановах, але і тых, хто былі членамі Савета Рэспублікі. Бо гэта высокае званне — прадстаўляць свой рэгіён. Па 8 чалавек ад кожнай вобласці і горада Мінска, яшчэ 8 прызначаюцца Прэзідэнтам нашай краіны». 

Таму, па словах спікера, і было прынята рашэнне перайсці да такога цыкла сустрэч. «І сімвалічна, што ў гэтыя майскія дні, калі зусім нядаўна адзначылі Дзень Вялікай Перамогі, мы ўспамінаем нашых народных артыстаў: Мікалая Мікалаевіча Яроменку і Расціслава Іванавіча Янкоўскага. Гэта людзі, якія прайшлі вайну, якія працавалі, ствараючы дабро для нашай краіны, рабілі ўсё для таго, каб падтрымаць тады яшчэ маладога Прэзідэнта. Яны яму паверылі, былі побач з ім і даносілі народу, што будучыня ў нас будзе выдатнай. Так і здарылася», — падкрэсліла Наталля Качанава. 

Сёння мы жывём у цудоўнай краіне. «І гэтыя людзі зрабілі ўсё, каб так было. Таму мы не маем права іх забываць, — пераканана спікер. — Мы будзем заўсёды памятаць тых, хто сапраўды стаяў каля вытокаў станаўлення нашай суверэннай незалежнай дзяржавы побач з нашым Прэзідэнтам. І наступную сустрэчу мы хочам прысвяціць жанчынам, парламентарыям, якія працавалі ў гэтыя гады ў Савеце Рэспублікі. Я думаю, што гэта будзе гэтак жа кранальна, як і сёння». 

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што гэта быў вечар успамінаў пра тых людзей, якія сапраўды ўнеслі важкі ўнёсак не толькі ў развіццё культуры, але і ў стварэнне нашай суверэннай дзяржавы. «Яны адбыліся як акцёры, як творчыя асобы, адбыліся як дзяржаўныя дзеячы дзякуючы таму, што яны па сваёй натуры былі добрымі, адданымі людзьмі. Тымі, хто ніколі не здрадзіць, тымі, хто ніколі не падставіць, тымі, хто бязмерна любіў свой народ і сваю краіну», — рэзюмавала Наталля Качанава. 



Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю