У пятніцу, 30 студзеня, у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы нарадзілася новая сям’я — Вольга і Сяргей Сіроткі. Яна — выкладчык ва ўніверсітэце, ён працуе ў сферы лагістыкі... Карэспандэнты «Звязды» заспелі шчаслівыя імгненні незвычайнай цырымоніі рэгістрацыі шлюбу.
Гасцям і маладым прадаставілі спецыяльныя пакоі для падрыхтоўкі да мерапрыемства, а сама тэатралізаваная дзея пачалася ў атмасфернай Каміннай зале. Яе правёў сапраўдны войт, а жывая музыка ў выкананні артыстаў аркестра тэатра і кветкавы дэкор дапаўнялі святочную атмасферу. Акцёры, якія нібыта прыйшлі павіншаваць новую сям’ю з XVIII стагоддзя, іх старадаўнія прыгожыя касцюмы, вытанчаныя інтэр’еры тэатра, мілагучная жывая музыка і каханне паміж двума людзьмі як галоўная дзеючая асоба! Хіба гэта можа не запомніцца?
На цырымоніі стварэння новай сям’і прысутнічалі бацькі жаніха і нявесты. Ірына і Аляксандр — з боку нявесты. У размове з журналістам яны адзначылі, што новая сям’я, якая ўзнікла акурат у Купалаўскім тэатры, у самым сэрцы Мінска, імкнецца захоўваць беларускія традыцыі, нашу культурную спадчыну, таму і месца для рэгістрацыі шлюбу выбрала менавіта такое.
...Вольга і Сяргей пазнаёміліся ў агульнай кампаніі 13 гадоў таму!
«Спачатку проста сябравалі, — расказаў жаніх. — А потым даведаліся, што кожны з нас сабой уяўляе, вырашылі, што нам разам добра — цяпер мы муж і жонка».
Па словах Вольгі, рэгістрацыя шлюбу ў Купалаўскім — гэта 10 з 10, як цяпер кажуць. «Гэтае месца трапіла ў самае сэрца, калі даведалася, што ў тэатры ёсць магчымасць правесці выязную рэгістрацыю, — падзялілася яна. — Хацелася гэты момант захаваць для сябе ў памяці як нешта кранальнае, хвалюючае, чароўнае. Так і атрымалася!»
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Ксеніі ЛІННІК