Top.Mail.Ru

У купель — бяспечна

У нядзелю праваслаўныя хрысціяне адзначаюць адно з 12 вялікіх свят — Вадохрышча, якое завяршае калядныя святкі. Галоўныя традыцыі ў гэты дзень — асвяшчэнне вады ў храмах і акунанне ў ледзяную палонку. Чакаецца, што каля 300 тысяч беларусаў наведаюць падрыхтаваныя купелі.


Толькі ў абсталяваных месцах

Сёлета ў краіне падрыхтавала каля 180 абсталяваных купеляў, на якіх будуць забяспечваць бяспеку каля 330 супрацоўнікаў АСВОД, МНС і МУС і хуткай медыцынскай дапамогі. У тым ліку шэсць купеляў будуць гатовы прыняць аматараў зімовага купання ў Мінску.

Як расказаў вадалазны спецыяліст цэнтра вадалазна-ратавальнай службы РАСП МНС Мікалай Васільеў, месцы для купання павінны адпавядаць санітарна-гігіенічным нормам, дно павінна быць плаўным, без уступаў глыбінёй ад 1,2 да 1,8 метра. Купелі спалучаюцца з берагам, надзейна замацаваным мосцікамі ці трапамі. Сходы ў ваду павінны быць зручнымі і мець поручні. Асноўны прыток людзей чакаецца ў ноч з 18 на 19 студзеня, таму ўстанаўліваюцца светлавыя прыборы, каб падыходы і сама купель былі асветленымі.

Паколькі сёлетняя зіма не адзначаецца мінусавымі тэмпературамі, таўшчыня лёду пакуль не больш за 3–5 см. Таму выхад на яго катэгарычна забаронены. Побач з выхадам з купелі будуць арганізаваны палаткі з ацяпляльнымі прыборамі і распранальні, дзе можна сагрэцца.

Як правільна акунуцца ў палонку?

Акунанне ў палонку раз на год не мае нічога агульнага з загартоўваннем, галоўная ўласцівасць якога — пастаянства, нагадвае загадчык 11-й падстанцыі гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Яўген Юдакоў.

— Нават здаровыя людзі, якія не маюць супрацьпаказанняў да купання, усё роўна павінны падрыхтавацца да акунання: за некалькі тыдняў варта рабіць абліванні, пачынаючы з цёплай вады і штодзённа паніжаючы градус, — кажа ўрач.

Акунацца, тым больш скакаць у ваду з галавой, не рэкамендуецца. Варта заходзіць паступова, акунацца па шыю. Перад акунаннем трэба размяцца. Акунацца трэба не на галодны страўнік — лепш, калі ў арганізма будзе запас энергіі. Знаходзіцца ў вадзе не рэкамендуецца больш за некалькі хвілін. Пасля неабходна насуха выцерці цела, надзець цёплае сухое адзенне і сагрэцца ў цёплым памяшканні.

— Нягледзячы на тое, што тэмпература паветра прагназуецца плюсавай, вада будзе дастаткова халоднай — каля 2? С, а гэта стрэс для арганізма. І кожны павінен добра падумаць і ацаніць свой стан здароўя перад тым, як акунацца, — звяртае ўвагу Яўген Юдакоў.

Нельга акунацца ў ледзяную ваду людзям з вострымі захворваннямі ці абвастрэннямі хранічных хвароб, цяжарным жанчынам, дзецям да сямі гадоў (гэта звязана з недасканаласцю цепларэгуляцыі дзіцячага арганізма), людзям, старэйшым за 75 гадоў. Супрацьпаказаннямі з’яўляецца наяўнасць эпілепсіі, схільнасці да сутаргаў, цукровы дыябет, гіпертанія. 

З асцярожнасцю да акунання трэба падыходзіць людзям з хранічнымі сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, хваробамі органаў дыхання, нырак, суставаў і іншых унутраных органаў.

У ТЭМУ

Як пазбегнуць пераахаладжэнняў і абмаражэнняў

Найчасцей абмаражэнню падвяргаюцца часткі цела, якія выступаюць: пальцы рук і ног, вушы і нос. Таму варта выкарыстоўваць шапку, шарф, пальчаткі, абавязкова насіць зручны няцесны абутак.

Алкагольнае ап’яненне абцяжарвае пераахаладжэнне. Напачатку яно дае ўяўнае адчуванне сагравання, затое потым пераахаладжэнне адбываецца хутчэй, чым у чалавека, які алкаголь не ўжываў.

Калі разумееце, што губляецца адчувальнасць у пальцах ці іншых частках цела, не трэба расціраць іх снегам — гэта можа прывесці да дадатковай траўматызацыі і так пашкоджанай скуры. Выкарыстоўваць для гэтых мэт спірт ці гарэлку таксама не рэкамендуецца, яны выклікаюць дадатковае цеплаадвядзенне ад тканак. Не трэба сагравацца і ў гарачай ванне: калі нейкая частка цела пераахаладзілася, саграваць неабходна паступова, пачынаючы з летняй вады, павялічваючы тэмпературу.

У мароз трэба абмежаваць сваё знаходжанне на вуліцы без крайняй неабходнасці і выбіраць правільнае адзенне. Не варта курыць, бо змяншаецца перыферычная цыркуляцыя крыві, тым самым арганізм больш адчувальны да холаду. Не рэкамендуецца насіць металічныя ўпрыгажэнні, бо метал адводзіць цяпло значна хутчэй.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю