Падчас пазачарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая адбылася ў Лагойскім райвыканкаме 4 сакавіка, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка прадставіў новага кіраўніка Лагойскага раёна — Сяргея Зубеля. Пра гэта паведаміла прэс-служба Мінскага аблвыканкама.
Аляксей Кушнарэнка паставіў канкрэтныя задачы перад новым старшынёй райвыканкама і яшчэ раз нагадаў, які важны раён яму трэба будзе ўзначальваць.
— Лагойшчына — адзін з рэгіёнаў Мінскай вобласці, які дынамічна развіваецца, дзе паспяхова працуюць прадпрыемствы машынабудавання і хімічнай прамысловасці, дзе ў сельскай гаспадарцы паспяхова вырошчваюць збожжавыя, нарыхтоўваюць кармы, вырабляюць прадукцыю жывёлагадоўлі, — адзначыў губернатар Міншчыны. — Гэта адзін з галоўных цэнтраў актыўнага турызму і спорту. Блізкасць да сталіцы накладвае сваю спецыфіку на развіццё раёна, прад’яўляе спецыяльныя патрабаванні да яго кіраўніка і вертыкалі ўлады.
Лагойск — горад-спадарожнік Мінска, дадаў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна. Яго неабходна актыўна развіваць:
— У 2026 годзе трэба забяспечыць выкананне мэтавага паказчыка па інвестыцыях у асноўны капітал, — заявіў Аляксей Кушнарэнка. — Адкрыццё новых вытворчасцяў — гэта не толькі новыя працоўныя месцы. Гэта цэлы ланцужок: падатковыя паступленні ў бюджэт, развіццё пазабюджэтнай сферы, транспарту, гандлю, павышэнне дабрабыту насельніцтва.
Галоўнай задачай губернатар назваў паступальнае развіццё раёна, адкрыццё новых вытворчасцяў і, як вынік, стварэнне новых працоўных месцаў.
— А таксама будаўніцтва жылля, сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры. Літаральна ў суботу ў час візіту кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць сучасных транспартных зносін паміж Мінскам і Лагойскам.
Аляксей Кушнарэнка таксама звярнуў увагу на сітуацыю ў сельскай гаспадарцы.
— Вы бачылі самі, што нават у нядрэннай па мерках раёна гаспадарцы ёсць пытанні па культуры вытворчасці. Зноў-такі, сярэдняя заработная плата па раёне за 2025 год ніжэйшая за сярэднюю па вобласці. Са стратамі спрацавалі некалькі арганізацый, ёсць запазычанасць па крэдытах і пазыках: над гэтым трэба сур’ёзна працаваць. За гэтымі лічбамі стаіць не толькі эканоміка, а людзі, іх праца і вопыт. Кожны павінен атрымліваць дастойную аплату працы і мець адпаведныя ўмовы.
Дэпутаты аднагалосна прагаласавалі за кандыдатуру Сяргея Зубеля. Губернатар павіншаваў яго з прызначэннем і ўручыў пасведчанне, пажадаўшы поспехаў на адказнай пасадзе.
Аляксей Кушнарэнка таксама падзякаваў за праведзеную работу і ўклад у развіццё рэгіёна экс-кіраўніку Аляксандру Ласевічу, адзначыўшы, што яго вопыт абавязкова будзе запатрабаваны ў далейшым.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота: «Мінская праўда»