Top.Mail.Ru

У Лельчыцкім раёне правялі маштабную праверку арганізацыі гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання

Людзі задаволеныя, але заўжды ёсць што палепшыць

Дзеля выканання даручэння кіраўніка дзяржавы, пастаўленага ім падчас нарады аб эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў маштабах Беларусі, у сельскіх населеных пунктах самага буйнога па плошчы на Гомельшчыне Лельчыцкага раёна правялі маштабную праверку арганізацыі гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання. Карэспандэнт «Звязды» далучылася да рэйду.



Захаванне дзяржаўных сацыяльных стандартаў

— Для нас важна бачыць рэальную сітуацыю на месцах: што ёсць у крамах, якія цэны, у якіх умовах прымаюць людзей медыкі. Мы прыязджаем не з праверкай дзеля праверкі, а каб разумець, дзе дапамога патрэбна найбольш, — падкрэсліла старшыня Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Бяспалая, якая ўзначаліла работу маніторынгавай групы

Дэпутат нагада, што маштабны маніторынг у Лельчыцкім раёне быў арганізаваны згодна з выкананнем даручэння кіраўніка дзяржавы, а таксама старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко па паляпшэнню якасці жыцця ў сельскай мясцовасці. 

Дарэчы, у склад міжведамаснай групы ўвайшлі не толькі прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, але і ключавыя спецыялісты: супрацоўнікі санітарнай службы, аддзела эканомікі, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, а таксама старэйшыны населеных пунктаў. Такі шырокі склад дазволіў атрымаць максімальна аб’ектыўную карціну і ўлічыць меркаванне саміх вяскоўцаў.

За два дні работы маніторынгавай групы былі правераны гандлёвыя аб’екты ўсіх форм уласнасці — як дзяржаўныя, так і прыватныя крамы, а таксама аўтамагазіны, што абслугоўваюць аддаленыя вёскі. Асаблівую ўвагу звярнулі на наяўнасць сацыяльна значных тавараў: хлеба, малака, круп, мясных і рыбных вырабаў, садавіны і гародніны.

IMG_20250909_122823_799.jpg

— Жыхары нашых сельскіх населеных пунктаў, з якімі мы ў абавязковым парадку размаўлялі падчас маніторынгу, адзначалі, што задаволеныя абслугоўваннем і асартыментам тавараў. Так, сёння сельскі пакупнік хоча мець выбар прадуктаў, і сёння гэты выбар у большасці выпадкаў ёсць, — адзначыла Таццяна Бяспалая.

Дэпутат дадала, што маніторынг гандлёвага абслугоўвання ў раёне ахапіў шырокае кола пытанняў: захаванне рэжыму работы, дакладнасць графікаў і маршрутаў руху аўтамагазінаў, якія забяспечваюць таварамі самыя аддаленыя населеныя пункты, наяўнасць у рэалізацыі сацыяльна значных тавараў, у тым ліку прадукцыі айчыннай вытворчасці, што асабліва важна для падтрымання асартыменту і цэнавай даступнасці. 

— Падчас маніторынгу асаблівую ўвагу ўдзялілі таксама недапушчальнасці ў продажы тавараў са скончаным тэрмінам годнасці, што з’яўляецца прынцыповым патрабаваннем да якасці і бяспекі прадукцыі. Была вывучана эфектыўнасць выкарыстання і стан аб’ектаў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання, а таксама стан неэксплутаваных аб’ектаў для далейшай працы з імі, — звярнула ўвагу кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна.

IMG_20250909_122823_295.jpg

Медыцынская дапамога пад наглядам

Не менш важная частка маніторынгу — праверка работы сельскіх фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Увага надавалася забеспячэнню медпрэпаратамі, захаванню санітарных патрабаванняў, умовам для прыёму пацыентаў.

Таццяна Бяспалая падкрэсліла, што ФАПы з’яўляюцца пачаткам кантакту з медыцынай для жыхароў аддаленых населеных пунктаў: «Нашая задача — каб чалавек быў упэўнены: калі будзе неабходна, ён атрымае кваліфікаваную дапамогу. Па словах мясцовых жыхароў, фельчары заўсёды на сувязі, дапамагаюць і ў паўсядзённых сітуацыях, і калі патрэбна тэрміновая кансультацыя».

Па выніках маштабнага маніторынгу група аб’ехала ўсю сельскую тэрыторыю Лельчыцкага раёна. У цэлым работа гандлёвых і медыцынскіх аб’ектаў прызнана належнай. Па асобных пытаннях дадзены рэкамендацыі, каб зрабіць абслугоўванне яшчэ больш зручным для вяскоўцаў.

— Мы бачым, што сістэма працуе. Але заўсёды ёсць месца для ўдасканалення. І калі людзі падказваюць, што можна палепшыць, гэта для нас галоўны арыенцір,— падсумаваўшы, адзначыла старшыня Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў

Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота lelchitsy.by


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю