Top.Mail.Ru
90

У Ленінскім РУУС сталіцы расказалі, як дапамагаюць непрацуючым жыхарам

Адсутнасць пастаяннай занятасці можа прывесці не толькі да фінансавых цяжкасцяў, але і да праблем з законам. Каб прадухіліць гэта, у Ленінскім РУУС рэгулярна праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы для непрацуючых жыхароў раёна. Сустрэчы праходзяць з удзелам супрацоўнікаў міліцыі, прадстаўнікоў службы занятасці, псіхолагаў і спецыялістаў розных арганізацый. Такія мерапрыемствы дапамагаюць грамадзянам знайсці работу, атрымаць кансультацыі і вярнуцца да нармальнага жыцця.


Чарговае прафілактычнае мерапрыемства ў раённым упраўленні ўнутраных спраў наведаў 28-гадовы жыхар раёна. Мінчанін Максім (імя зменена) з падлеткавага ўзросту аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. У яго сям’і часта злоўжывалі алкаголем, і ўжо ў 15 гадоў у хлопца з’явіліся першыя праблемы з законам. Пазней Максім быў асуджаны за крадзеж, а затым — за захоўванне наркатычных рэчываў. Пасля гэтага выпадку ён вырашыў больш не звязвацца з забароненымі рэчывамі. Аднак жыццё працягвала складацца няпроста. Пад уплывам кампаніі Максім зноў здзейсніў злачынства: разам з прыяцелямі выкраў металічны кабель з тэрыторыі прадпрыемства.

Пастаяннай працы ў маладога чалавека доўгі час не было. Нават пасля стварэння сям’і ён абмяжоўваўся выпадковымі заробкамі. Праз год пасля нараджэння дачкі сям’я распалася: жанчыне аказалася занадта цяжка спраўляцца з гаспадаркай, клопатам аб дзіцяці і праблемамі мужа.

Сёння дачцэ Максіма дзевяць гадоў. Ужо два гады ён яе не бачыў. «Мне сорамна глядзець сваёй малой у вочы, — прызнаецца мужчына. — Я нават не віншаваў яе з днём нараджэння: усе грошы прапіваў». 

Цяпер Максім пражывае ў кватэры, якая дасталася яму ад сваякоў. Разам з ім жыве яго сястра са сваім сужыцелем. Некалькі месяцаў таму падчас сумеснага распівання алкаголю адбыўся канфлікт, падчас якога мужчына падняў руку на сястру. Пасля гэтага ўчастковы інспектар вынес прадпісанне, і цяпер Максім часова жыве ў сябра. Мужчына пастаўлены на прафілактычны ўлік у раённым упраўленні ўнутраных спраў.

З кожным падуліковым грамадзянінам супрацоўнікі міліцыі працуюць індывідуальна. Старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РУУС Алена ШЫРЧАНКА падтрымлівае сувязь з кожным з іх, імкнучыся дапамагчы тым, хто сапраўды хоча змяніць сваё жыццё.

На чарговую прафілактычную гутарку Максім прыйшоў не толькі для справаздачы, але і па дапамогу: ён звольніўся з папярэдняга месца працы і ўжо два тыдні не можа знайсці новае.

«Да нас нярэдка звяртаюцца грамадзяне з падобнымі просьбамі, — адзначае Алена Шырчанка. — Вядома, не заўсёды жаданні чалавека супадаюць з тымі вакансіямі, якія прапануе цэнтр занятасці насельніцтва».

Па словах праваахоўнікаў, адна з важных задач прафілактычнай работы — дапамагчы чалавеку вярнуцца да нармальнага жыцця, працаўладкавацца і тым самым пазбавіцца ад згубных звычак.

Інспектар выдала Максіму накіраванне ў цэнтр занятасці і перадала кантакты арганізацыі, дзе патрабуецца работнік. Мінчанін неадкладна накіраваўся ў «Зелянбуд» Ленінскага раёна Мінска, дзе яму падабралі вакансію і выдалі спіс дакументаў для афармлення. Мужчына спадзяецца, што зможа пачаць новую старонку свайго жыцця — уладкавацца на працу, адмовіцца ад алкаголю і з часам наладзіць адносіны з дачкой.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Ленінскага РУУС г. Мінска

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю