Top.Mail.Ru

У Лідзе адбылося ўрачыстае закрыццё XXXII Дня беларускага пісьменства

Гала-канцэрт пры ўдзеле Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь завяршыў двухдзённае свята, якое было напоўнена мноствам культурных мерапрыемстваў, адкрыццямі новых аб’ектаў, майстар-класамі, творчымі сустрэчамі і знаёмствамі. Падрабязнасці даведалася карэспандэнт «Звязды».

Тыя, хто пабываў на Дні беларускага пісьменства 6 і 7 верасня ў горадзе Ліда на Гродзеншчыне, упэўнена, пагодзяцца, што арганізатары мерапрыемства прарабілі вялікую работу, забяспечыўшы высокі ўзровень святочных мерапрыемстваў і прыцягваючы ўвагу шырокай аўдыторыі. Дзякуючы іх намаганням фестываль прайшоў, падарыўшы ўдзельнікам незабыўныя ўражанні і новыя веды аб культуры і гісторыі Беларусі.

Старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі падчас гала-канцэрта падзякаваў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за тое, што на працягу 15 апошніх гадоў лідская зямля станавілася сталіцай двух вельмі маштабных мерапрыемстваў. Так, у 2010 годзе гэта былі «Дажынкі», а сёлета — Дзень беларускага пісьменства. Дзякуючы гэтым святам горад прыкметна змяняўся.

«Хачу падзякаваць Міністэрству інфармацыі, абласному выканаўчаму камітэту за зладжаную і прадуктыўную працу, — дадаў старшыня Лідскага райвыканкама. — Дзякую гледачам, што знайшлі час і наведалі нашы мерапрыемствы, якія мы з душой для ўсіх рыхтавалі. Спадзяюся, вы зарадзіліся добрымі ўражаннямі і выдатным настроем. Досвед, які мы атрымалі падчас арганізацыі Дня беларускага пісьменства, мы з задавальненнем перададзім іншаму рэгіёну, які прыме гэтае важнае свята ў 2026 годзе». 

Эстафету прыняў старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Вячаслаў Максачоў, бо менавіта ў Касцюковічах Магілёўскай вобласці ў 2026 годзе пройдзе XXXIII Дзень беларускага пісьменства. Ён падзякаваў за магчымасць удзельнічаць у такой выдатнай падзеі, як Дзень беларускага пісьменства, у горадзе Ліда. 

«Ужо сёння можна сказаць адназначна: свята атрымалася! — падкрэсліў Вячаслаў Максачоў. — Яно яркае, цікавае, душэўнае — і, вядома ж, вялікі дзякуй арганізатарам за яго правядзенне. Горад Касцюковічы прыме эстафету свята з вялікім гонарам, адкрываючы свае дзверы для паэтаў і пісьменнікаў. Упэўнены, што святкаванне пройдзе не менш ярка і цікава».


Яна ВАЛАСАЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю