Днямі завершыўся конкурс эскізных праектаў, на які было прадстаўлена восем работ беларускіх скульптараў. Журы вызначыла пераможцу. Ім стаў Сяргей Логвін, які вядомы такімі работамі, як помнік Якубу Коласу ў Стаўбцах і Льву Сапегу ў Слоніме. У конкурсе таксама прынялі ўдзел Максім Макарэвіч, Уладзімір Качан, Вадзім Вараб’ёў, Сяргей Гумілеўскі, Іван Міско з двума праектамі і аўтарская група ў складзе Антаніны Кумпяк, Максіма Рунца і Алеся Мяжэннікава.
Як зазначыў загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Канстанцін Касцючэнка, журы разгледзела мноства прапаноў, з якіх былі абраны восем найбольш яркіх работ. На апошнім этапе засталося тры прэтэндэнта, з якіх і быў вылучаны перможца. «Гэты вобраз, па нашай думцы, упрыгожыць горад Ліду і стане напамінам аб такіх асобах, якія ўзбагачаюць нашу культуру і гісторыю», — падкрэсліў Канстанцін Касцючэнка
Вобраз знакамітага беларускага паэта, удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі Валянціна Таўлая (1914-1947) выбраны невыпадкова. Яго жыццё цесна звязана з Лідчынай. Тут ён атрымаў пачатковую адукацыю, працаваў у рэдакцыі газеты «Уперад» ( Зараз «Лідская газета»). Пасля вайны быў намеснікам дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску. Валянцін Таўлай трагічна загінуў ва ўзросце 33 гадоў.
Менавіта трагічны жыццёвы шлях знакамітага беларуса адлюстраваны ў вобразе будучага помніка. Валянцін Таўлай, у руках якога нумар газеты «Уперад», глядзіць у будучыню з надзеяй. Мяркуецца, што помнік будзе з бронзы, яго ўстановяць ў паркавай зоне на вуліцы, якая названа ў гонар паэта. Адкрыццё помніка прыстасавана да Дня беларускага пісьменства, які сёлета пройдзе ў Лідзе.
фота з адкрытых крыніц