Жыхар Ліды аформіў крэдыт на знаёмага, а грошы атрымаў на сваю карту. Пра гэта паведамілі БелТА ў Лідскім РАУС.
У пачатку мая 32-гадовы жыхар Ліды быў дома ў свайго 31-гадовага знаёмага. Госць папрасіў скарыстацца мабільным тэлефонам, на што гаспадар даў згоду. У галерэі мужчына знайшоў фота пашпарта, пасля чаго з дапамогай чужых асабістых даных анлайн аформіў заяўку для атрымання пазыкі. Пры гэтым ён паказаў рэквізіты сваёй банкаўскай карты. Рэгістрацыя прайшла паспяхова, і зламыснік убачыў круглую суму на сваім рахунку.
Праз пару дзён пацярпеламу прыйшло паведамленне аб запазычанасці ў памеры 10 тыс. рублёў. Мужчына звярнуўся з заявай у Лідскі РАУС. Супрацоўнікі аддзялення па супрацьдзеянні кіберзлачынствам устанавілі зламысніка і абставіны інцыдэнту. Таксама стала вядома, што падазраваны большую частку грошай патраціў на азартныя гульні.
У дачыненні да фігуранта распачатая крымінальная справа па артыкуле «Крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі». Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.