Top.Mail.Ru

У Лідзе прайшоў вечар народнага пісьменніка

У Дзень беларускага пісьменства чытачы Ліды, госці горада і свята сустрэліся з народным пісьменнікам Беларусі, ганаровым старшынёй СПБ вядомым у краіне і за яе межамі празаікам Мікалаем Чаргінцом.

Сустрэча прайшла ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі. Размове пісьменніка з чытачамі папярэднічаў прагляд тэлевізійнага дакументальнага фільма, прысвечанага жыццю і творчасці М. Чаргінца. Аўтар сцэнарыя фільма — вядомы празаік і драматург Георгій Марчук. Мікалай Іванавіч расказаў аб працы над рознымі творамі, у тым ліку — і над раманам «Аперацыя «Кроў’».

Пра творчасць старэйшыны літаратурнага цэха Беларусі вёў размову старшыня СПБ, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч. Народная артыстка Беларусі Марыя Георгіеўна Захарэвіч прачытала ўрыўкі з раманаў М. Чаргінца «Вам — заданне», «Сыны», «А ён не вярнуўся з боя». Напрыканцы сустрэчы з папуры папулярных песень, да якіх ён напісаў музыку, выступіў народны артыст Беларусі Эдуард Ханок. Удзел у сустрэчы прыняла і спадарожніца народнага пісьменніка па жыцці, яго першы памагаты ў грамадскіх і творчых клопатах — Алена Чаргінец. 

Мікалай Іванавіч Чаргінец — часты госць у розных аўдыторыях чытачоў у розных гарадах нашай краіны.

Мікола Берлеж



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю