Top.Mail.Ru
178

У ліпені і жніўні зафіксуюць самыя кароткія суткі года

Спецыялісты зафіксавалі паскарэнне кручэння Зямлі, якое прывядзе да скарачэння працягласці сутак у ліпені і жніўні. Па даных вучоных, 9 і 22 ліпеня, а таксама 5 жніўня будуць самымі кароткімі днямі 2025 года. Іх працягласць будзе меншай за звычайныя суткі на 1,30, 1,38 і 1,55 мілісекунды адпаведна, піша МИР24.


Хоць розніца здаецца нязначнай, такія адхіленні могуць адбіцца на дакладнасці працы спадарожнікавых і навігацыйных сістэм, папярэджваюць эксперты.

Поўны абарот планеты вакол сваёй восі складае 86 400 секунд (24 гадзіны), аднак гэтая лічба можа вар’іравацца пад уплывам розных фактараў. У іх ліку — тэктанічныя зрухі, акіянскія плыні, раставанне леднікоў, перамяшчэння расплаўленага ядра Зямлі і буйныя атмасферныя з’явы, такія як Эль-Ніньё.

Яшчэ адным фактарам, які ўплывае на абарот, з’яўляецца становішча Месяца. Калі спадарожнік Зямлі адхіляецца на поўнач ці поўдзень ад экватара, хуткасць кручэння планеты можа мяняцца.

З пачатку 2020 года вучоныя назіраюць тэндэнцыю да паскарэння кручэння Зямлі. Нягледзячы на невялікае запавольванне ў 2023 годзе, сёлета гэты працэс зноў актывізаваўся. На сённяшні дзень рэкорд па самай кароткай працягласці сутак зафіксаваны 5 ліпеня 2024 г. — тады дзень апынуўся карацей на 1,66 мілісекунды. Калі тэндэнцыя захаваецца, спецыялісты могуць упершыню ў гісторыі ўвесці адмоўную высакосную секунду — гэта значыць прыбраць адну секунду з сусветнага часу для кампенсацыі паскарэння кручэння.

Фота з адкрытых крыніц
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю