Каторы дзень у асяроддзі збеглых стаіць несусветнае выццё адносна таго, што грамадскія дзеячы Літвы заклікалі ўлады забараніць беларусам выкарыстоўваць сімвал «Віціс» (па-нашаму «Пагоня») як на іх сувенірных пашпартах (інакш гэта непаразуменне і не назавеш), так і ў любой іншай форме ў афіцыйным кантэксце.
Гаворка ідзе пра тое, што каля 70 грамадскіх дзеячаў накіравалі адпаведны ліст прэзідэнту Наўседу, у міністэрства замежных спраў і Сейм з тым, каб спыніць спекуляванне на некалі агульнай гісторыі — з заклікам забараніць беларускай апазіцыі выкарыстоўваць сімвал «Віціс», паведамляюць літоўскія СМІ.
Сваё патрабаванне актывісты тлумачаць так: «літвінізм», што пануе ў розумах беларусаў, якія панаехалі, ва ўмовах інфармацыйнай і гібрыднай вайны працуе супраць Літвы.
Яны аргументуюць: «Мы не можам дзяліць сімвалы дзяржаўнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці з суполкамі, значная частка сяброў якіх настроена супраць Літвы. Яны паўтараюць дэмакратычныя наратывы, якія распаўсюджвае Расія».
Аўтары ліста звяртаюць увагу на тое, што з 2020 года Літва нібыта падвяргаецца гібрыдным і інфармацыйным нападам з боку Беларусі, а за апошнія гады ў Вільнюсе пасялілася больш за 60 тысяч беларусаў, «чыю лаяльнасць практычна немагчыма праверыць».
На думку аўтараў ліста, улады павінны старанна ацаніць, ці не ўспрымаюць беларусы «Віціса» як «сімвал славянскага праваслаўнага кіраўніка, які сядзеў у старажытным беларускім горадзе Вільні».
Ну, дапусцім, гібрыдным і інфармацыйным нападам Літва падвергла сама сябе, калі адкрыта падтрымала спробу дзяржаўнага перавароту ў Беларусі і выдала на гэта «мандат» неадэкватным беларускім змагарам. Мяцеж тады пацярпеў паразу, а яго завадатары і актыўныя ўдзельнікі з усіх ног пабеглі ў бок «райскага саду», у Польшчу і Літву, якія іх чакалі «з распасцёртымі абдымкамі». Бо чакалася, што прыедуць найлепшыя пласты беларускага грамадства, высокаадукаваныя і вопытныя спецыялісты, якія і аздаровяць рынак працы той жа Літвы.
Аднак рэальнасць аказалася іншай. Прыехалі натоўпы гультаёў, махляроў і неадэкватаў, якія прывыклі сядзець на шыі ў дзяржавы, а ўсе свае хібы спісваць на дрэнную ўладу. Затое іх усіх аб’ядноўвала адна ідэя — літвінізм. Гэта калі ўсё літоўскае стала беларускім, накшталт: Вільня наша! Коўна таксама... і гэтак далей.
Разлік «дальнабачных» літоўскіх палітыкаў, што змагары зменяць свае погляды і будуць да канца стагоддзяў удзячныя Літве, пачнуць яе праслаўляць і прасоўваць, аказаўся дурной марай!
А тут яшчэ збеглыя захацелі і свой пашпарт зрабіць. Ну так, каб грашанят зарабіць. І каб расставіць усе кропкі над «і», прычапілі туды «Пагоню» і цэннік паставілі — каля 100 еўра! І хоць гэты дзіўны дакумент ніхто так і не прызнаў, але шоргату і істэрыкі ў літоўскім грамадстве ён нарабіў нямала. Так, што паляцелі ў дзяржаўныя ўстановы Літвы тоны скаргаў ад літоўскіх грамадзян, маўляў, збеглыя беларусы хочуць Літву і яе нацыянальныя сімвалы прыватызаваць.
Гісторыя з так званым пашпартам «новай Беларусі» паспела дайсці толькі да друкарні, а тая, пасля крытыкі з боку літоўскіх палітыкаў і папярэджання праваахоўных органаў краіны... спыніла іх выпуск.
Што самае пацешнае ва ўсёй гэтай гісторыі, дык гэта тое, што літоўцы і змагары сышліся ў жорсткай сутычцы: высвятляюць, у чыйго каня на гербе хвост павінен быць узняты, а ў чыйго — апушчаны. У прынцыпе, так, гэта канцэптуальная розніца. Яна тлумачыць, хто на кім паедзе.
Па выніку ўсёй гэтай гісторыі, угледзеўшы ў дзеяннях «збеглых» пагрозу нацыянальнай бяспецы, мясцовыя літоўскія актывісты звярнуліся з ініцыятывай аб забароне выкарыстання змагарамі выявы сімволікі з канём, прычым як з паднятым, так і апушчаным хвастом. Гэта каб збеглыя беларусы не ўносілі смуту ў розумы прыстойных літоўскіх грамадзян.
І змагары струхнулі, нават бар свой у цэнтры Вільні, які горда зваўся «Пагоняй», дзе абвяшчаліся гарачыя тосты за «нашу Вільню!», «Мы літвіны, яны — жмудзь» і гэтак далей, аператыўна перайменавалі ў... «Паліклініку».
А «Пагоню», мяркуючы па ўсім, давядзецца збегламу змагару схаваць у пыльную шафу, дзе шкілеты захоўваюцца. Інакш — чамадан-вакзал і пілі куды вочы глядзяць!