Літва гатовая весці перагаворы з Беларуссю па пагранічным урэгуляванні на ўзроўні паслоў па асаблівых даручэннях. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на літоўскія СМІ і заяву міністра замежных спраў балтыйскай рэспублікі Кестуціса Будрыса.
«Для вырашэння праблем з пагранічным урэгуляваннем мы прапануем дыялог на ўзроўні пасла Літвы па асаблівых даручэннях, перад якім была б пастаўлена менавіта такая задача», — сказаў кіраўнік МЗС Літвы.
Да гэтага часу Вільнюс устрымліваўся ад кантактаў з Мінскам на палітычным узроўні, лічачы, што ўсе спрэчныя пытанні можна вырашыць на тэхнічным, як называюць гэта літоўскія ўлады, узроўні, г. зн. на ўзроўні ведамстваў, напрыклад, пагранічных службаў.
Літва ў канцы кастрычніка ў аднабаковым парадку закрыла граніцу з Беларуссю «праз пагрозу кантрабанды». Пункты пропуску «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай» аднавілі работу ў ноч на 20 лістапада. У нацыянальнай Літоўскай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў са свайго боку заяўлялі, што Вільнюсу трэба было не закрываць граніцы, а затрымліваць кантрабандыстаў з шарамі на ўласнай тэрыторыі.
Служба дзяржаўнай бяспекі Літвы 2 снежня правяла маштабную аперацыю ў розных частках краіны. У выніку былі канфіскаваны тавары на суму каля паўмільёна еўра і затрыманыя 10 чалавек, якія падазраюцца ў кантрабандзе. Да гэтага ў лістападзе таксама паведамлялася аб некалькіх выпадках затрымання мясцовых жыхароў за кантрабанду цыгарэт з дапамогай паветраных шароў.
Акрамя таго, 8 снежня ў Літве паведамілі пра затрыманне дваіх мясцовых жыхароў, якія запускалі дроны ў раёне Вільнюскага аэрапорта. У сувязі з гэтым інцыдэнтам работа Вільнюскага аэрапорта прыпынялася на 20 хвілін.
9 снежня ўрад Літвы абвясціў у краіне надзвычайную сітуацыю праз метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі.
10 снежня літоўскія аўтаперавозчыкі выйшлі ў Вільнюсе на акцыю пратэсту праз сітуацыю з фурамі, якія затрымаліся ў Беларусі. Яны патрабавалі, каб урад вырашыў сітуацыю. Кіраўнік Нацыянальнай Літоўскай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Эрландас Мікенас раней заяўляў, што, паводле ацэнак транспартных кампаній, з пачатку крызісу грузаперавозак страты ўжо дасягнулі амаль 100 млн еўра. Ён таксама згадаў і штодзённую страту даходу, паколькі кожная фура, якая прастойвае, павінна штодня прыносіць даход каля 10 тыс. еўра.