У Барысаўскім раёне працягваецца работа па абнаўленні сельскіх устаноў аховы здароўя. Пасля праведзенага рамонту была адкрыта ўрачэбная амбулаторыя ў аг. Лошніца, перадае БелТА.
Як адзначыў галоўны ўрач Барысаўскай ЦРБ Аляксандр Дрозд, у раёне нядаўна была завершана работа па абнаўленні ФАПаў. У склад бальніцы ўваходзіць 23 такія стацыянарныя ўстановы, уключаючы два модульныя і два перасоўныя фельчарска-акушэрскія пункты.
«Летась увялі пасля рамонту Зембінскую ўчастковую бальніцу, а сёння адкрылі абноўленыя памяшканні амбулаторыі Лошніцкай участковай бальніцы. Гэта комплексны аб’ект, у склад якога таксама ўваходзіць тэрапеўтычны стацыянар на 50 ложкаў», — расказаў Аляксандр Дрозд.
Сёння амбулаторыя бальніцы аказвае насельніцтву даволі шырокі спектр медыцынскіх паслуг: тут вядуць прыём урачы агульнай практыкі, хірург, стаматолаг, педыятр, абсталяваны кабінет УГД-дыягностыкі.
«Гэтыя паслугі запатрабаваныя, бо абслугоўвае бальніца каля 9 тыс. насельніцтва. Новыя, больш камфортныя ўмовы, якія мы пастараліся стварыць у рамках бягучага рамонту амбулаторыі, ацэняць і пацыенты, і медыцынскі персанал. Былі не толькі адрамантаваны памяшканні, камунікацыі, але і праведзена замена часткі абсталявання, выканана добраўпарадкаванне тэрыторыі, створана безбар’ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі», — адзначыў Аляксандр Дрозд.
Па словах галоўнага ўрача, рамонт Лошніцкай участковай бальніцы будзе працягнуты, таксама ў планах — стварэнне рэнтген-кабінета.