Аб’ём вытворчасці перавысіў 50 млрд. юаняў.
Аб’ём вытворчасці перавысіў 50 млрд. юаняў.
Горад Люян, што ў правінцыі Хунань (Цэнтральны Кітай), ператварае вытворчасць феерверкаў у драйвер эканомікі, эфектыўна выкарыстоўваючы гэты рэсурс для стымулявання прамысловасці і прыцягнення турыстаў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Так, падчас пяцідзённых майскіх канікулаў феерверкі Люяна зноў апынуліся ў цэнтры ўвагі. За два дні феерверк-шоу ўжывую паглядзелі амаль 480 тысяч чалавек. Інтэрнэт-карыстальнікі захапляліся: «Няўжо феерверкі Люяна ўжо дасягнулі такога ўзроўню?», адзначаючы, што яны ўсё больш нагадваюць сапраўднае чараўніцтва.
Люян вядомы як «радзіма феерверкаў Кітая». Тут працуе 431 прадпрыемства адпаведнага профілю, у 2024 годзе агульны аб’ём вытворчасці дасягнуў 50,2 млрд. юаняў, што складае каля 60% унутранага рынку і 70% экспарту Кітая.
Ва ўмовах павышэння тарыфаў ЗША Люян упэўнена дыверсіфікуе рынкі збыту. Паводле звестак мясцовай мытні, за першыя два месяцы гэтага года экспарт феерверкаў з правінцыі Хунань у краіны АСЕАН і Еўрапейскага саюза заўважна вырас. Пастаўкі ў краіны АСЕАН склалі 100 млн. юаняў, што на 19,7% больш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. У той жа час экспарт у ЕС дасягнуў 97 млн. юаняў, паказаўшы рост на 21,7%.
Апроч экспарту, Люян развівае мадэль «феерверкі + турызм». З лютага 2023 года тут праводзяцца штотыднёвыя шоў, якія прыцягнулі больш за 5 млн. турыстаў і стымулявалі спажыванне на 15 млрд. юаняў.
Люян таксама пастаянна ўдасканальвае тэхналогіі вытворчасці: укараняе аўтаматызацыю, паляпшае бяспеку і экалагічнасць прадукцыі. Мясцовыя прадпрыемствы ў супрацоўніцтве з даследчымі інстытутамі распрацавалі экалагічныя рашэнні, такія як маладымны бессерны порах, газападобныя феерверкі і біяраскладальныя матэрыялы.