Top.Mail.Ru
58

У Магілёўскай клінічнай бальніцы № 1 мадэрнізуюць аперацыйныя

У Магілёўскай клінічнай бальніцы № 1 мадэрнізуюць аперацыйныя. Пра гэта паведаміў урач-хірург, загадчык аперацыйнага аддзялення бальніцы Юрый Рудкоў, перадае БелТА.



Паводле яго слоў, у бальніцы з’явілася неабходнасць мадэрнізаваць існуючыя аперацыйныя плошчы, бо сфера аховы здароўя актыўна развіваецца, укараняюцца новыя падыходы і метады. І каб аказваць якасную і своечасовую дапамогу пацыентам, трэба адпавядаць. «Наша бальніца была пабудавана ў 1974 годзе, аперацыйнае аддзяленне таксама. Падыходы, тэхналогіі і стандарты за гэты час сур’ёзна змяніліся, у тым ліку патрабаванні да аперацыйных. У 2008 годзе мы ўжо праводзілі мадэрнізацыю, але тады мяняліся лямпы, кансолі, абсталяванне — сцены і памяшканні заставаліся тымі ж, — расказаў ён. — Наша бальніца актыўна развіваецца, з’яўляюцца новыя аддзяленні. А таму прыйшоў час змяніць і аперацыйны блок».

Мадэрнізацыя будзе сур’ёзнай: заменяць інжынерныя сеткі і вентыляцыю, прывядуць да сучасных патрабаванняў памяшканні, зменіцца іх знешні выгляд і часткова абновіцца абсталяванне. «На працягу апошніх гадоў наша матэрыяльна-тэхнічная база істотна палепшылася сучасным абсталяваннем, таму абнаўляцца будзем толькі часткова, — сказаў ён. — Таксама пасля мадэрнізацыі павялічыцца колькасць аперацыйных: цяпер іх 9, а стане 12. Усе яны будуць аснашчаны рабочымі месцамі анестэзіёлагаў. Гэта будуць спецыяльныя камп'ютары, з доступам да цэнтралізаванай сістэмы аховы здароўя, будуць устаноўленыя сістэмы відэафіксацыі і відэаназірання ў аперацыйных».

У сувязі з пашырэннем у бальніцы цалкам перагледзяць структуру аперблока. «Ён цяпер размяшчаецца на двух паверхах. На першым паверсе — стэрылізацыйная, якая таксама будзе мадэрнізавана пад сучасныя патрабаванні і нормы. Гэта вялікая частка работы, — адзначыў Юрый Рудкоў. — На другім паверсе будуць працаваць абноўленыя аперацыйныя».

Зараз у актыўнай стадыі ідзе праектаванне. І гэта вельмі важны этап, бо трэба ўлічваць мноства тэхнічных фактараў, а таксама зручнасць працы для персаналу і знаходжання пацыента ў аперацыйнай. Усе нюансы ўлічваюць, праект дапрацоўваюць. «Наша асноўная праблема — невялікія плошчы, дзе трэба ўсё граматна размясціць з улікам цяперашніх патрабаванняў. Таму праца цяпер вельмі карпатлівая», — дадаў ён.

Да рамонтных работ плануюць прыступіць ужо летам. Пры гэтым яны будуць ісці паэтапна, каб не парушаць працэс работы аперацыйных у бальніцы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю