Top.Mail.Ru
74

У Магілёўскай вобласці дашкольныя ўстановы абсталююць новым відам ахоўнай сігналізацыі

У Магілёўскай вобласці дашкольныя ўстановы абсталююць новым відам ахоўнай сігналізацыі. Пра гэта БелТА расказаў намеснік начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы падпалкоўнік міліцыі Віталь Дзядкоў. 


Ён адзначыў, што дзеючая сістэма аховы ў дзіцячых садках рэгіёна выбудавана грунтоўна. «На дадзены момант ва ўсіх дашкольных установах адукацыі ўстаноўлены тэхнічныя сродкі трывожнай сігналізацыі, якія працуюць у кругласутачным рэжыме. Акрамя таго, у начны час аб’екты ахоўваюцца ведамаснай вартавой аховай. Гэта базавы ўзровень абароны, які дазваляе адчуваць сябе ўпэўнена, але мы абавязаны ісці наперад і развівацца», — адзначыў ён.

У сувязі з гэтым спецыялісты Дэпартамента аховы вядуць работы па абсталяванні дзіцячых садкоў бесправаднымі комплекснымі сістэмамі ахоўнай сігналізацыі з перадачай іх у непрацоўны час пад пультавую ахову. Як падкрэсліў Віталь Дзядкоў, гэта не проста замена абсталявання, а выхад на якасна новы ўзровень абароненасці. «Устаноўка такіх сістэм дазваляе спыніць пранікненне праз такія ўразлівыя месцы, як вокны, дзверы, запасныя выхады. Кожны сігнал трывогі гарантавана апрацоўваецца, а групы затрымання прыбываюць ва ўстаноўленыя нарматывам тэрміны. Хацеў бы падкрэсліць: аснашчэнне дзіцячых садкоў бесправаднымі сістэмамі ахоўнай сігналізацыі — гэта не кропкавая акцыя, а рэалізацыя адзінай, сістэмнай дзяржаўнай палітыкі ў галіне абароненасці сацыяльных устаноў», — звярнуў увагу ён.

«У Магілёўскай вобласці да 1 верасня гэтага года запланавана абсталяваць 275 дашкольных устаноў адукацыі. Работа наперадзе вялікая, але ў нас распрацаваны выразны графік, у рамках якога мы рухаемся, — расказаў ён. — Мантаж такіх сістэм не стварае шуму. Не патрабуе перамяшчэння ні дзяцей, ні рабочага персаналу, а значыць, ніяк не ўплывае на паўсядзённую дзейнасць устаноў. Таксама ўстаноўка займае мінімальны час і не патрабуе касметычнага рамонту пасля сябе. І, што важна, дадзеныя сістэмы значна танней, чым правадныя, што дазваляе забяспечыць эканомію бюджэтных сродкаў. Пры гэтым надзейнасць застаецца безумоўным прыярытэтам».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю