Па рашэнні міністра ўнутраных спраў створанае ўсяго некалькі гадоў таму падраздзяленне носіць імя легендарнага героя Вялікай Айчыннай вайны капітана Канстанціна Уладзімірава. Подзвіг папярэднікаў з’яўляецца для асабовага складу прыкладам мужнасці, бясстрашнасці і адданасці Айчыне.
Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, Іван Кубракоў адзначыў, што адкрыццё новага будынка спецыяльнага батальёна ППСМ імя К. Уладзімірава — гістарычная падзея. «Падраздзяленне — адзінае ў сваім родзе, — падкрэсліў ён. — Яно носіць імя камандзіра легендарнага міліцэйскага батальёна, які ў 1941 годзе гераічна змагаўся на подступах да Магілёва».
Сімвалічна, што абноўленая база ўводзіцца ў эксплуатацыю ў Год добраўпарадкавання. Сучасныя камфартабельныя ўмовы дазволяць вартавым правапарадку максімальна эфектыўна несці службу, аператыўна і якасна аказваць дапамогу грамадзянам.
Міністр падзякаваў губернатару Анатолю Ісачанку за падтрымку і плённую сумесную працу. Іван Кубракоў узнагародзіў тых, хто вызначыўся ў службе. Таксама адбыўся рытуал уручэння пагонаў чарговых спецыяльных званняў, у тым ліку прысвоеных у парадку заахвочвання датэрмінова.
Аўтапарк падраздзялення папоўніўся новым службовым аўтамабілем — падарункам ад кіраўніка ведамства.


Словы ўдзячнасці міліцыянерам прагучалі з вуснаў старшыні аблвыканкама, затым прадстаўнік праваслаўнай царквы блаславіў вартавых правапарадку на ратную працу.
Ганаровыя госці разрэзалі чырвоную стужку і азнаёміліся з падраздзяленнем: службовымі памяшканнямі, абсталяванымі па апошнім слове тэхнікі, спартыўным комплексам. Кіраўніку ведамства прадэманстравалі эксперыментальныя ўзоры формы супрацоўнікаў ППСМ. Ацаніўшы навінку, Іван Кубракоў даў даручэнне яе дапрацаваць.
Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўдзельнікі накіраваліся да мемарыяльнага комплексу «Батальён міліцыі пад камандаваннем К. Уладзімірава» — адзінага на постсавецкай прасторы помніка міліцыянерам — героям Вялікай Айчыннай вайны! Тут, у святым для кожнага вартавога правапарадку месцы, да брацкай магілы ляглі вянок і кветкі ад міністра ўнутраных спраў і ведамаснай дэлегацыі.
У размове з журналістамі Іван Кубракоў падкрэсліў, што перад спецбатальёнам ППСМ стаяць задачы па забеспячэнні правапарадку ў Магілёве, ва ўсім рэгіёне і ў прыграніччы. «На байцах ляжыць вялізная нагрузка, і мы пастараліся стварыць усе ўмовы для іх падрыхтоўкі, — удакладніў ён. — На гэтай базе таксама будуць адточваць майстэрства іх калегі з іншых падраздзяленняў Магілёўшчыны, займацца спортам сем’і супрацоўнікаў, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў».
Кіраўнік МУС акцэнтаваў увагу на тым, што сучасны комплекс быў практычна зноўку ўзведзены за кароткія тэрміны на месцы будынка, які не эксплуатаваўся больш як 20 гадоў. Усё атрымалася дзякуючы намаганням калег і падтрымцы мясцовай улады.

«Мы зрабілі гэта разам! — падкрэсліў ён. — Вялікі дзякуй губернатару Анатолю Ісачанку за рэалізацыю сумесных праектаў. Гэта яшчэ адзін важны крок у справу ўмацавання правапарадку не толькі на Магілёўшчыне, але і ва ўсёй краіне. Упэўнены, у байцоў батальёна ўсё атрымаецца і яны не падвядуць!»
Іван Кубракоў таксама адзначыў, што па прапанове кіраўніка вобласці прынята рашэнне аб дапамозе супрацоўнікаў органаў унутраных спраў аграрыям у перыяд маючай адбыцца ўборачнай кампаніі. Размова ідзе аб міліцыянерах, якія маюць вадзіцельскае пасведчанне для кіравання сельгастэхнікай і вопыт такой работы.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС