Top.Mail.Ru

У Магілёве адкрылі пілотны дэманстрацыйны хаб па інавацыйнай вытворчасці і навучанні перадавым тэхналогіям

Лічбавізацыя дзеля выніку

Гэта ключавы элемент міжнароднага праекта «Садзейнічанне ўкараненню тэхналогій Чацвёртай прамысловай рэвалюцыі ў Магілёўскай вобласці Беларусі», які ўключае ў сябе эксперыментальна-дэманстрацыйны цэнтр «Індустрыя 4.0», створаны на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, а таксама лічбавую платформу «Тэхнапарк 4.0», якая аб’ядноўвае віртуальны тэхнапарк, маркетплэйс «Індустрыя 4.0» і адукацыйную пляцоўку. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці пра новы фармат для развіцця рэгіёна.

Ацэньваючы вынікі праекта праз прызму задач бягучай пяцігодкі, першы намеснік міністра эканомікі Іван ВЕЖНАВЕЦ адзначыў неабходнасць інавацыйнага прарыву і граматнай лічбавізацыі вытворчых працэсаў: «Створаны рэсурс, які стаў навігатарам у свеце тэхналогій, — дадаў ён. — Такім чынам, падмурак закладзены, экасістэма сфарміравана, інструменты працуюць. Цяпер справа за вамі — кіраўніцтвам рэгіёна, топ-менеджарамі, навукоўцамі і студэнтамі. Менавіта ваша энергія і ідэі ператвораць гэту інфраструктуру ў рэальныя дасягненні».

Праект рэалізаваны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА) і Мінэканомікі Беларусі пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі з мэтай павышэння прадукцыйнасці і канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў рэгіёна, садзейнічання ўкараненню імі сучасных тэхналогій, навучання спецыялістаў кампаній.

«Мы завяршылі рэалізацыю праекта ў Магілёўскай вобласці ў першую чаргу пад прыярытэт нашай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, які пазначаны як «Моцныя рэгіёны». Лічбавізацыя, што была ў папярэднія гады, успрымалася як «лічбавізацыя дзеля працэсу». Гэта значыць, мы захапляліся трэндамі, хацелі ісці ў нагу з часам. А цяпер мы разумеем, што нам трэба гэту парадыгму мяняць і прыходзіць да «лічбавізацыі дзеля выніку», — падкрэсліў першы намеснік міністра.

Плануецца, што да 2030 года не менш за 70 % арганізацый будуць выкарыстоўваць лічбавыя тэхналогіі шостага тэхналагічнага ўкладу — штучны інтэлект, лічбавыя двайнікі і іншыя.

«Дзякуючы набытаму абсталяванню створаны ўмовы для пераадолення бізнесам фінансавага бар’ера за кошт калектыўнага доступу. Навучаны і працягнуць навучацца па распрацаваных праграмах сотні спецыялістаў, што забяспечыць неабходныя кампетэнцыі і здыме кадравы голад», — выказаў упэўненасць Іван Вежнавец.

Гаворачы аб праекце, які рэалізуецца ў Беларуска-Расійскім універсітэце, рэктар БРУ Міхаіл ЛУСЦЯНКОЎ адзначыў, што яго мэта — павысіць прадукцыйнасць і канкурэнтаздольнасць, экспартны патэнцыял прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці. «Праект таксама садзейнічае ўкараненню інавацыйных тэхналогій у забеспячэнні перадачы ведаў аб Чацвёртай прамысловай рэвалюцыі ў Магілёўскай вобласці Беларусі, нарошчванню патэнцыялу мясцовых спецыялістаў. Створаны дэманстрацыйны цэнтр — месца, дзе не толькі атрымліваюць тэорыю, ён практыка-арыентаваны. Гэта ўнікальная інавацыйная прастора, дзе будучыня машынабудавання становіцца рэальнасцю ўжо сёння. Цэнтр закліканы аб’ядноўваць тры ключавыя групы: студэнтаў, работнікаў вытворчасці і навукоўцаў, прапаноўваючы кожнай з іх магчымасці для прарыву».


Па словах Міхаіла Лусцянкова, у ВНУ налічваецца каля 20 вучэбна-практычных лабараторый. Напрыклад, лабараторыя інтэлектуальнай робататэхнікі, цэнтр HAAS, лабараторыя 3D-друку і іншыя.

Тандэм сучасных тэхналогій, выказаў упэўненасць ён, дазволіць прамысловасці рэгіёна падняцца на больш высокую прыступку канкурэнтаздольнай і навукаёмістай вытворчасці, прасоўваць на рынак інавацыйную прадукцыю з вялікай дабаўленай вартасцю і вялікай удзельнай вагой лічбавых тэхналогій, задзейнічаных пры яе вытворчасці.

«Укараненне ў эканоміку галін сістэм беражлівага менеджменту — задача, пастаўленая ўрадам, што з’яўляецца пасылам для павышэння канкурэнтаздольнасці нашых прадпрыемстваў у сучасных умовах», — адзначыў першы намеснік старшыні Дзяржстандарту Аляксандр БУРАК.

«Сёння развіццё прадпрыемстваў напрамую залежыць ад канкурэнтаздольнасці прадукцыі, — дадаў ён. — Без зніжэння расходаў і эфектыўнага кіравання сабекоштам развіццё эканомікі прадпрыемстваў немагчыма. Канкурэнтаздольнасць айчыннай прадукцыі грунтуецца на самых сучасных патрабаваннях, і ў праграме „Якасць 2026–2030“ пастаўленыя выразныя індыкатары дасягнення канкурэнтаздольнасці за кошт прымянення сучасных стандартаў».

Пры гэтым спікер падкрэсліў, што акцэнт павінен зрушвацца ў бок распрацоўкі міжнародных стандартаў на базе дзяржаўных.

Беларусь павінна стаць краінай з развітой лічбавай індустрыяй і тэхналагічнай структурай, уласнымі прарыўнымі тэхналогіямі, а дасягненне гэтай мэты патрабуе кансалідацыі агульных намаганняў.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю