На сустрэчу з гледачом прыйдуць яго не менш вядомыя дзеці— расійскі палітык і дэпутат Арцём Віктаравіч і беларускі рэжысёр-аніматар кінастудыі «Беларусфільм» Алена Віктараўна, а таксама заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Сухавей і акцёр, рэжысёр, сцэнарыст Іван Паўлаў.
«Я родам з дзяцінства», «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Людзі на балоце» — гэтыя фільмы Віктара Турава назаўжды ўвайшлі ў залаты фонд беларускага і савецкага кінематографа. За свае 60 гадоў ён паспеў шмат чаго. У кіно тэма вайны для яго стала адной з галоўных, бо яна цесна звязаная з яго дзяцінствам. Віктар Тураў нарадзіўся ў Магілёве ў 1936 годзе. Калі пачалася вайна, яго бацька пайшоў у партызаны і праз год загінуў, а сам Віктар разам з сястрой і маці прайшоў праз нямецкі палон. Першая дэбютная работа будучага рэжысёра «Праз могілкі» ўвайшла па рашэнні ЮНЕСКА ў сто найлепшых сусветных фільмаў пра вайну. А імя Віктара Турава ў 1995 годзе трапіла ў лік 50 самых вядомых кінематаграфістаў свету! Яго імем названы вуліцы ў Магілёве і Мінску. У Магілёве на будынку кінатэатра «Радзіма» ўстаноўлена мемарыяльная шыльда. А з 2001 года ў горадзе штогод праводзіцца фестываль «Тураўская восень».
Нагадваем, што сёлета кінастужкі выбітнага рэжысёра можна будзе ўбачыць у перыяд з 25 кастрычніка па 1 лістапада ў кінатэатрах «Радзіма» і «Космас». 25 кастрычніка ўваход у кінатэатр «Радзіма» для гледачоў вольны. Трэба толькі загадзя запісацца ў касе кінатэатра, бо колькасць месцаў абмежаваная.
Нэлі ЗІГУЛЯ