XXIX Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2026» пройдзе ў горадзе з 30 верасня па 2 кастрычніка. Яго арганізатары — Магілёўскі аблвыканкам і Міністэрства культуры — абяцаюць як заўсёды цікавую і змястоўную праграму.
Як паведамілі ў магілёўскім «Кінавідэапракаце», прыём заявак на конкурс мультфільмаў ужо завершаны. Атрымана амаль дзве тысячы работ з 99 краін. Для параўнання: летась на конкурс паступіла каля 800 заявак з 78 краін. Да фестывалю ўпершыню далучыліся Кенія, Уганда, Мазамбік, Сенегал, Палесціна, Замбія, Рэспубліка Конга, Габон, Непал, Емен і Кот-д’Івуар. Ацэнку работам дасць прафесійнае журы, куды ўвойдуць эксперты з Беларусі, Расіі, Казахстана, Кітая, Сербіі. Паралельна з асноўным конкурсам з 14 намінацый праходзіць конкурс дзіцячай анімацыйнай творчасці з 9 намінацый. У рамках фестывалю таксама праводзіцца конкурс дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Па выніках фестывалю стане таксама вядома імя «Лепшага аніматара анімацыйнага фільма». Гледачоў чакаюць не толькі кінапрагляды мультыплікацыйных фільмаў на вялікім экране, але і творчыя сустрэчы з аўтарамі мультфільмаў, выставы, майстар-класы.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з сайта mogilevkino.by