Top.Mail.Ru

У Магілёве чысцяць дно вадаёма ў Пячэрскім лесапарку

У Пячэрскім лесапарку Магілёва вядуць ачыстку дна вадаёма. Аб гэтым расказаў першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер камунальнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Магілёўзелянбуд» Васіль Ганевіч, паведамляе БелТА.


Вадаём у Пячэрскім лесапарку летам заўсёды карыстаецца папулярнасцю ў гараджан: знаходзячыся ў межах горада, ён прыцягвае ўсіх ахвотных выкупацца і правесці час каля вады. Каб зрабіць адпачынак больш камфортным і бяспечным, было прынята рашэнне пасля заканчэння купальнага сезона пачаць спуск вады з возера. Яшчэ вясной, перад стартам маштабных работ, правялі тэсціраванне сістэм — нават старажылы не ўспомнілі, калі тут апошні раз чысцілі дно.

«Спускаць ваду пачалі ў пачатку кастрычніка — працэс заняў каля двух тыдняў. Цяпер тут працуе спецыялізаваная тэхніка: балотаход і экскаватар з падоўжанай стралой каўша, — адзначыў Васіль Ганевіч. — Ужо ачышчана каля 20% дна вадаёма».

Буйнагабарытнае смецце са дна ўжо вывезлі, зараз працягваецца складзіраванне паднятых донных адкладаў, каб у хуткім часе вывезці — прыбраць усё абяцаюць ужо ў канцы гэтага або пачатку наступнага тыдня. Чысцяць не толькі сам вадаём, работы закрануць яшчэ 1 км рэчышча ракі Дубровенкі ўверх па цячэнні. Гэта таксама дасць свой вынік: вада стане чысцей, а акрамя таго, менш ціны і дробнага бруду будзе ісці ў бок фантана на набярэжнай.

«Работы ідуць поўным ходам, яны разлічаны на тры месяцы, — дадаў галоўны інжынер. — Паралельна з гэтым вядзецца дэмантаж пляжнага абсталявання. Будзем спрабаваць рабіць больш спадзістую пляжную зону. А вясной — устанаўліваць новыя малыя архітэктурныя формы і абсталяванне: лежакі, ценявыя казыркі, кабінкі для перапранання».

Як зазначыў Васіль Ганевіч, усе гэтыя работы ў сукупнасці зробяць адпачынак больш камфортным і бяспечным. Спецыялісты запэўнілі, што прыкладуць максімум намаганняў, каб новы купальны сезон жыхары горада сустрэлі з абноўленым пляжам.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю