Сёння ў мастацкім музеі імя П. Масленікава ўрачыста адзначалі вынікі юбілейнага, 30-га па ўліку, міжнароднага пленэру па жывапісе «Вобраз радзімы ў выяўленчым мастацтве». На гэты раз ён быў прысвечаны Году беларускай жанчыны і ў ім прымалі ўдзел 15 мастакоў з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кітая, Узбекістана. Гераінямі іх работ сталі працаўніцы, ветэраны, настаўніцы, маці, прадстаўніцы манаства. У іх ліку ветэран працы Вера Кастэнка, уладальніца двух ордэнаў «Знак Пашаны» і медаля «За працоўную доблесць» — кіраўніца, ідэолаг, чалавек вялікай душы.
— Кожны з аўтараў бліскуча справіўся са сваёй задачай, — адзначыў у сваёй прамове начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун. — Сёлетні пленэр праходзіў пад дэвізам «З любоўю да жанчыны, з гонарам за Беларусь». Мастакі ў сваіх работах раскрылі не толькі прыгажосць беларускай жанчыны, але і паказалі іх уклад у гісторыю і будучыню нашай краіны.
Карціны па традыцыі папоўняць фонд мастацкага музея. За 30 гадоў існавання гэтага пленэру створана каля паўтары тысячы творчых работ. Іх аўтары болей чым 600 мастакоў з 38 краін свету.
— Кіраўніцтва вобласці, упраўленне культуры аказваюць усялякую падтрымку, каб мы зноў і зноў маглі сустракаць нашых гасцей, — паведаміў дырэктар краязнаўчага музея імя Е. Раманава Яўген Белавусаў. — Карціны, якія застануцца ва ўласнасці музея, будуць пастаянна дэманстравацца, уключацца ў тэматычныя праекты.

Ад імя ўдзельнікаў арганізатарам падзякаваў член Саюза мастакоў Азербайджана Эльдар Бабазадэ. Ён выказаў спадзяванне, што гэты праект у далейшым будзе толькі развівацца на карысць розным краінам, бо мастацтва аб’ядноўвае народы.
— Двухтыднёвы марафон праляцеў як адно імгненне, — прызнаўся ён. — Беларусь — дзіўная краіна. Яна стала для нас родным домам. У работах нашых мастакоў адлюстравана ўся любоў да мастацтва, традыцый, да архітэктуры, людзей, працаўнікоў гэтай зямлі.
Удзельнік пленэру, мастак-баталіст, іканапісец Аляксандр Росінаў заўважыў, што праграма была вельмі насычаная і прыходзілася трымаць тэмп, каб усё паспець.

— Дзіўлюся нашым гасцям, таму што, акрамя работы над карцінамі, яны яшчэ паспявалі ўдзельнічаць у экскурсіях, сумесных гутарках, сустрэчах, майстар-класах, — заўважыў ён. —Трэба было абраць персанажы, падрыхтаваць эскізы, зацвердзіць іх і затым актыўна працаваць. Асабіста я скончыў работу ў 2 гадзіны ночы ў панядзелак.
Удзельнікі атрымалі сертыфікаты і маленькія падарункі, для іх спявалі артысты Магілёўскай абласной філармоніі. Цікавасць да экспазіцыі вялікая, у першы дзень яе наведалі дзясяткі прыхільнікаў выяўленчага мастацтва. Атрымаць асалоду ад велічы роднага краю і жаночай прыгажосці на палотнах вядомых мастакоў можна будзе да 15 лістапада.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара