Top.Mail.Ru

У Магілёве прайшлі комплексныя камандна-штабныя вучэнні

Галоўная мэта — праверка гатоўнасці падраздзяленняў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС да эфектыўных дзеянняў у асаблівых умовах ва ўзаемадзеянні з усімі зацікаўленымі.


Адзін з этапаў вучэнняў, арганізаваны на базе спецбатальёна ім. К. Г. Уладзімірава, быў прысвечаны тэарэтычным аспектам забеспячэння бяспекі ў выпадку розных змяненняў аператыўнай абстаноўкі, а таксама вырашэння ўступных задач у рэжыме анлайн. Адна з іх звязана з аб’яўленнем на тэрыторыі вобласці высокага ўзроўню пагрозы масавых беспарадкаў.


Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў вызначыў ключавыя задачы, зрабіўшы ўпор на асабістую бяспеку супрацоўнікаў і вайскоўцаў, а таксама на жорсткую выканальніцкую дысцыпліну і максімальную зладжанасць усіх падраздзяленняў.


«Праводзім чарговыя вучэнні па плане Міністэрства ўнутраных спраў, — адзначыў кіраўнік ведамства. — Кожныя з іх адрозніваюцца ад папярэдніх па ўступных задачах. Пры гэтым — абавязкова набліжаны да рэальнага становішча. Учора адпрацавалі на „добра“. Так, былі пэўныя недахопы, але на тое і вучэнні, каб выявіць праблемы і ўхіліць іх. Галоўнае — гэта ўзаемадзеянне ўсіх дзяржаўных органаў. Вельмі важна, каб мы працавалі як адно цэлае».


Практычная частка КШВ прадугледжвала адпрацоўку некалькіх сцэнарыяў змен аператыўнай абстаноўкі ў гарадскіх умовах. Вырашаючы ўступныя задачы, вартавыя парадку затрымлівалі правапарушальнікаў на дваровай тэрыторыі, спынялі блакіроўку праезнай часткі, спынялі аўтобус з экстрэмісткі настроенымі грамадзянамі. Вучэнні завяршыліся спецыяльнай аперацыяй па нейтралізацыі групавых парушэнняў грамадскага парадку і вызваленні заложнікаў.


Такія мерапрыемствы ўжо адбыліся ў Мінску, на Брэстчыне і Віцебшчыне. Асноўная ўвага пры гэтым надаецца зладжанасці ўзаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады.

Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы МУС.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю