Top.Mail.Ru
378

У Магілёве запрашаюць на выставу «Народны касцюм — жывая традыцыя лёсу»

Гэты маштабны беларуска-расійскі выставачны праект дасць магчымасць акунуцца ў атмасферу народных традыцый, адчуць дух эпохі і дакрануцца да каранёў славянскай культурнай спадчыны. Наведвальнікаў чакае сустрэча з старажытнымі аўтэнтычнымі экспанатамі, эксклюзіўныя фотаработы традыцыйных народных касцюмаў Магілёўскай і Бранскай абласцей.



— Экспазіцыю складуць жаночыя святочныя касцюмы Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласці, а таксама Карачэўскага і Бранскага раёнаў (сяло Даражова) Бранскай вобласці, — паведаміла вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадцэнтра НТ і КАР Крысціна Башарымава. — Прасякнуцца далёкім мінулым дапамогуць прадметы даўніны, народных промыслаў, музычныя інструменты канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Беларускі бок прадэманструе вырабы з саломы, лазы, пазнаёміць з творамі шапавальства, керамікі, ткацтва, вышыўкі. Расіяне будуць здзіўляць знакамітай мглінскай цацкай, тканымі палотнамі, пачэпскімі валёнкамі, вышытымі ручнікамі. На здымках вядомага фотамайстра Костаса Асіміса можна будзе ўбачыць усю прыгажосць рэканструяваных касцюмаў Магілёўскай вобласці і традыцыйных народных строяў Бранскай вобласці. Упершыню на шырокую аўдыторыю будуць прадстаўлены фатаграфіі гарнітурных комплексаў Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Шклоўскага і Глускага раёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама Выгоніцкага, Жырацінскага, Злынкаўскага, Клятнянскага, Клімаўскага, Клінцоўскага, Краснагорскага, Мглінскага, Пагарскага, Рагнедзінскага раёнаў Бранскай вобласці. Сучасныя тэхналогіі дазволяць атрымаць дадатковую інфармацыю пра экспанаты праз QR-коды. 

Праект рэалізуецца ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскай і Бранскай абласцямі. Яго арганізатары — Магілёўскі абласны метадцэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы і Бранскі абласны метадычны цэнтр «Народная творчасць».

Падчас адкрыцця, якое адбудзецца 5 чэрвеня ў музеі гісторыі Магілёва, будзе магчымасць убачыць выступленне калектываў і дэфіле ў народных касцюмах з паказам старажытных строяў Мсціслаўскага і Чавускага раёнаў, рэканструяваных — Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Шклоўскага, Хоцімскага раёнаў і — сучасных, аформленых у этнастылі.

Выстава будзе працаваць да 18 чэрвеня 2025 года.

Нэлі ЗІГУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю