Ён размясціўся ў аграгарадку Беразінскае.
Калісьці аднайменны парк сапраўды быў прыроднай жамчужынай, аднак з часам прыйшоў у запусценне. Ініцыятыву ў свае рукі ўзялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Святлана Сакалоўская і мясцовыя жыхары. Яны разумелі — у населеным пункце павінна быць добраўпарадкавана месца адпачынку для дзяцей і моладзі. Не проста некалькі дрэў і лавачак, а вялікі парк.
На рэалізацыю было выдзелена 122 тысячы рублёў з дзяржаўнага бюджэту, яшчэ 13 тысяч сабралі самі мясцовыя жыхары. Паколькі гэта было абавязковай умовай удзелу ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў: унёсак насельніцтва ў памеры не менш за 10% ад кошту.
Новы добраўпарадкаваны куток Міншчыны ацаніў 9 верасня старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка.
«У Мінскай вобласці на рэгулярнай аснове рэалізуюцца праекты ў рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Жыхары цэнтральнага рэгіёна актыўна прымаюць у ім удзел, размяшчаюць заяўкі — потым, ужо камісійна, вызначаюцца пераможцы. Сёлета іх сем, — сказаў на адкрыцці парку губернатар Мінскай вобласці. — Усе гэтыя праекты рэалізаваныя. І пацвярджэнне таму — знакавы праект па добраўпарадкаванні парку ў аграгарадку Беразінскае Маладзечанскага раёна».
Кіраўнік Міншчыны выказаў словы падзякі ўсім, хто мае дачыненне да рэалізацыі такога важнага і патрэбнага праекта. У гэтай справе, паводле слоў Аляксея Кушнарэнкі, вельмі важна ўзаемадзеянне органаў улады, дэпутацкага корпуса, жыхароў населенага пункта. «Упэўнены, што гэты парк стане месцам прыцягнення як мясцовых жыхароў, так і гасцей Беразінскага. Ён сапраўды цудоўны. Тут сфарміраваны асобныя зоны адпачынку, ёсць пляцоўкі для заняткаў спортам, культурнага вольнага часу, — падзяліўся ўражаннямі Аляксей Кушнарэнка. — У плане фінансавых укладанняў гэты праект самы дарагі: агульны яго кошт больш за 135 тысяч, з якіх 122 тысячы — бюджэтнае фінансаванне. Але гэтыя выдаткі апраўданыя. Бо за такімі праектамі — рост якасці жыцця нашых людзей».
Як расказала член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, сёлета на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў было пададзена 38 заявак. «Спецыяльнай камісіяй былі вызначаны праекты-пераможцы, і ўсе яны ўжо рэалізаваныя. На іх фінансаванне было накіравана 400 тысяч з рэспубліканскага і абласнога бюджэту. Сумеснае фінансаванне грамадзян — больш за 44 тысячы. З сямі праектаў-пераможцаў большасць накіраваны на добраўпарадкаванне тэрыторыі. Як прыклад — парк Беразінскае ў Маладзечанскім раёне», — адзначыла Наталля Якубіцкая.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Мінскага аблвыканкама