14 чэрвеня 2025 года ў Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў у межах ХХІV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна—2025» прайшла творчая сустрэча з пісьменніцай, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Людмілай Кебіч.
Сустрэча ладзілася ў межах культурна-асветніцкага праекта «Літаратурны Алімп Беларусі», ініцыяванага Нацыянальнай бібліятэкай і Саюзам пісьменнікаў Беларусі ў 2024 годзе.
Людміла Кебіч: Жыццё пішу сваё па нотах
Спецыяльнымі гасцямі літаратурнага Алімпа сталі лаўрэаты прэміі імя Міколы Мятліцкага — маладыя паэты, якія толькі распачынаюць шлях у вялікую літаратуру. Іх уганароўвалі на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі з пажаданнямі дасягнуць вышынь літаратурнага Алімпа. Як дабіцца поспеху ў творчасці? Адказ на гэтае няпростае пытанне ведае майстар слова Людміла Кебіч.
Людміла Антонаўна — актыўны грамадскі дзеяч, паспяховая, запатрабаваная пісьменніца, прафесійны музычны педагог.
Нарадзілася ў г. п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Многае ў яе творчасці звязана з радзімай, з дзяцінствам, што для кожнага становіцца памятным на ўсё жыццё. Першая песня ў будучай паэткі з’явілася яшчэ ў 7-м класе, і песня такая складная, нібыта выйшла з-пад пяра сталага творцы. «Многія сапраўды мне не верылі. Казалі, што мама дапамагла напісаць, бо паэткай яна была насамрэч добрай», — заўважае Людміла Антонаўна, якой цяпер ужо нікога не варта пераконваць у сваім літаратурным таленце. Яна аўтар 28 кніг паэзіі, прозы, кніг для дзяцей, зборнікаў песен. Сярод якіх вылучаюцца — «Па музычных законах», «Зялёная рутвіца», «На беразе белай ракі», «Ключы ад Неба», «Дамінанты лёсу», «Бэзавы дом», «Неба ў дыяментах» і інш. Яе вершы ўвайшлі ў падручнікі «Музыка» для 2-га класа і шматлікія калектыўныя зборнікі. Перакладаліся вершы на рускую, украінскую, азейбарджанскую, літоўскую, калмыцкую і польскую мовы.



Людміла Кебіч: Паэзія — гэта не толькі адзін з відаў мастацтва. Гэта асобы строй душы, лад жыцця. Для мяне паэзія — своеасаблівае душасховішча, скрынка на боль, скарбонка надзей, свята на кожны дзень. А калі так — мы разам.
Маладзечна Людміла Кебіч таксама лічыць месцам душэўнага прыцягнення. Тут прайшлі гады маладосці — вёсёлыя, натхнёныя, рамантычныя. Як інакш назавеш вучобу ў тагачасным Маладзечанскім музычным вучылішчы імя М. К. Агінскага?! Тут яна сустрэла сваё каханне. Разам з мужам Генадзем Іванавічам ладзілі не толькі сямейны дабрабыт, але былі і вельмі блізкія ў творчасці. Іх яднала паэзія і музыка!
І зараз знакамітая выпускніца вяртаецца на дарагія сэрцу вуліцы горада, кружыць па іх у вальсе. Аўтарская песня, прысвечаная Маладзечна, у выкананні самой музыкі і паэткі, гучыць вельмі кранальна. Як, у прыватнасці, і многае з таго, аб чым распавядала Людміла Кебіч падчас літаратурнага Алімпа было душэўным, шчырым. Для яе заўсёды вельмі важнай была сям’я, дзеці, унукі. Вось зараз Людміла Антонаўна ў дадатак да ўсяго хваліцца двума праўнукамі. Яе асаблівы гонар — сямейная педагагічная дынастыя, якая доўжыцца ў сёмым пакаленні.


Гродна для Людмілы Кебіч — любімы горад, успеты ў шматлікіх вершах. Грамадская і творчая дзейнасць пісьменніцы, старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі адзначана шматлікімі дзяржаўнымі і літаратурнымі ўзнагародамі. Сярод іх — медаль Францыска Скарыны, нагрудны знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Яна ўладальнік ганаровага звання «Чалавек года Гродзеншчыны» (2013). У мінулым годзе Людміле Кебіч прысвоена ганаровае званне заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.
На літаратурным Алімпе ў Маладзечна знакамітую асобу віталі першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, вядучы метадыст праектна-выставачнага сектара аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Святлана Кажамяка, дырэктар Маладзечанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Марыя Стаселевіч, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзівончык. Яны гаварылі пра прыгажосць душы, жаночую абаяльнасць, энэргію, аптымізм — усё лепшае, што спалучае ў сабе Людміла Антонаўна Кебіч. Няхай так будзе і надалей, як і належыць сапраўднаму алімпійцу!
Марыя ЛІПЕНЬ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА