Top.Mail.Ru

У маладзёжнай сталіцы прайшоў «Апошні званок»

У Беларусі сёлета выпускнікамі школ сталі больш за 56 тысяч 11-класнікаў. Таленавітых, мэтанакіраваных, амбіцыёзных юнакоў і дзяўчат з розных куткоў краіны прывітаў Гомель. 


На свяце ў горадзе над Сожам сабраліся 1700 выпускнікоў. Гэта лепшыя прадстаўнікі сваіх школ, раёнаў, рэгіёнаў: пераможцы алімпіяд, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў.

Да святкавання «Апошняга званку» ў маладзёжнай сталіцы краіны прымеркавалі адкрыццё абноўленага цэнтра кампетэнцый у Гомельскім дзяржаўным каледжы бытавога абслугоўвання. Памяшканні і абсталяванне профільнага цэнтра, адкрытага 13 гадоў таму, значна мадэрнізавалі. З тым, якія ўмовы для навучання швейным працэсам створаны ў абноўленых лабараторыях, азнаёміліся міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец і намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў.

IMG_20250522_193244_793.jpg

З удзелам выпускнікоў школ з усёй краіны прайшоў мітынг-рэквіем і цырымонія ўскладання кветак да мемарыяла «Алея герояў». 

На цырымоніі адкрыцця ўрачыстай лінейкі выпускнікі і іх педагогі сабраліся на плошчы перад Гомельскім Лядовым палацам. 

Адной з удзельніц свята стала выпускніца Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Марыя Кабаева: 

— Заўжды была вельмі актыўнай. З радасцю ўдзельнічала ва ўсіх школьных мерапрыемствах, а таксама спрабавала свае сілы ў алімпіядах. Па праўдзе, не чакала запрашэння на такое свята. Вельмі ўдзячна. Абрала для паступлення Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Планую звязаць сваё жыццё з матэматыкай. І калі адвучуся, мару вярнуцца дадому на Гомельшчыну, — распавяла дзяўчына.

Марыя прыехала на свята разам з мамай Людмілай. 

— Дзякуй краіне за такое свята для дзяцей, якія сваёй працай, бо вучыцца — гэта таксама цяжкая адказная работа, — будуць праслаўляць свае навучальныя ўстановы, — падзякавала Людміла Кабаева — не толькі маці паспяховай вучаніцы але і кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву, узорнага ансамблю танца «Мілавіца» Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна.

Дзякуючы запрашэнню на рэспубліканскі «Апошні званок» упершыню выпала магчымасць наведаць Гомель выпускніцы з Гродна Анастасіі Шэйко і яе класнаму кіраўніку — настаўніцы Гродзенскай сярэдняй школы № 3 Алене Самасюк. У гэтым годзе Алена Міхайлаўна як класны кіраўнік выпускае свой першы 11 клас, і адразу нечаканая ўзнагарода — на рэспубліканскім свяце «Апошні званок» педагога ўшанавалі ў намінацыі «Самы класны класны». 

— У нашым ваенна-патрыятычным класе 29 самых творчых, таленавітых, найлепшых юнакоў і дзяўчат. Для мяне шчасце быць іх класным кіраўніком. Вельмі цяжка будзе адпускаць іх, але ведаю, што ў іх усё атрымаецца. Дзеці абралі для сябе самыя розныя будучыя прафесіі — вайскоўцаў, супрацоўнікаў праваахоўчых органаў, медыкаў. Пераканана, што гэта ўжо гатовыя сапраўдныя патрыёты нашай краіны, — упэўнена педагог.

Рады магчымасці пабыць на рэспубліканскім свяце, прысвечаным апошняму званку, удзельнікі алімпіяднага руху — вучні Магілёўскай сярэдняй школы № 33 Максім Фамін і Арына Лапо. 

— Мы адны прадстаўляем сваю школу тут на свяце. Але каб нашы аднакласнікі, настаўнікі, бацькі таксама падзялілі з намі гэту радасць, святочную атмасферу — робім шмат фота, здымаем відэа. І так робяць, мяркуем, усё выпускнікі — госці Гомеля. Так што рэальна на рэспубліканскім «Апошнім званку» разам уся краіна, — падзяліліся сваімі ўражаннямі школьнікі з Магілёва. 

На свяце ўшанавалі выпускнікоў у намінацыях «Інтэлект-2025», «Лідар-2025», «Чэмпіён-2025». Сярод прадстаўнікоў Гомельшчыны ў намінацыі «Інтэлект» адзначаны выпускніцы Жлобінскай гімназіі № 1 Паліна Смарцэлава і Гомельскай гімназіі № 14 Ксенія Яроніна. У намінацыі «Чэмпіён» адзначаны Мікалай Варабей — выпускнік Рэчыцкай сярэдняй школы № 5. 

— Для ўсіх тых юнакоў і дзяўчат, а гэта больш за 56 тысяч 11- класнікаў, якія сёння выпускаюцца з нашых школ, пачынаюцца першыя крокі ў дарослае жыццё. Гэта хвалюючы, адказны час. Але мы верым, што ўсе паспяхова здадуць і цэнтралізаваны экзамен, і паступяць ва універсітэты, каледжы, — падкрэсліў міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец. — Лепшыя з лепшых школьнікаў адзначаны ў шэрагу намінацый, каб ў чарговы раз падтрымаць і педагогаў, і бацькоў, і дзяцей, за тое, што яны на высокім ўзроўні праявілі сябе за гады вучобы ў школе. Бо сёння нашы школьнікі паказваюць цудоўныя вынікі не толькі на прадметных міжнародных алімпіядах, але і ў спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах. Хочацца адзначыць усіх. І узнагароды дакладна знойдуць сваіх герояў таксама і на школьных, гарадскіх, раённых апошніх званках, — пажадаў поспехаў міністр адукацыі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і ТК «Уладзімір Прывалаў. Афіцыйна»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю