Куток памяці і смутку
У гэтым горадзе завяршылася рэалізацыя грамадзянскай ініцыятывы «Куток памяці і смутку», прысвечанай добраўпарадкаванню месца пахавання людзей, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Праект быў рэалізаваны па ініцыятыве Маладзёжнага савета пры Маларыцкім раённым Савеце дэпутатаў і стаў прыкладам таго, як агульнымі намаганнямі можна захаваць гістарычную памяць і стварыць сучасную мемарыяльную прастору.
Сімвалічна, што адкрыццё абноўленага мемарыяла адбылося 20 ліпеня — у дзень вызвалення Маларыты ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Каля помніка адбыўся ўрачысты мітынг «Памятаем, пакуль жывём».
Як адзначыў старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Эдуард КАНДЗЯРЭШКА, асновай праекта стала прапанова маладых людзей, якія ўваходзяць у склад Маладзёжнага савета — прадстаўнічага органа працоўнай моладзі раёна.
— Мы падтрымалі гэтую мясцовую ініцыятыву і рэалізавалі праект да поўнага аднаўлення месца пахавання, — падкрэсліў ён. — Моладзь усё больш свядома ставіцца да захавання гістарычнай спадчыны, яна стала больш ініцыятыўнай і патрыятычнай. І вельмі важна, што менавіта моладзь прапанавала рэалізаваць гэты праект.
Мемарыял рэгулярна абслугоўваўся, аднак неабходнасць больш маштабнага добраўпарадкавання наспела даўно: тэрыторыя патрабавала абнаўлення, некаторыя дрэвы знаходзіліся ў аварыйным стане. Акрамя таго, завяршылася вялікая даследчая праца па ўстанаўленні імён людзей, пахаваных у брацкай магіле. У ёй знайшлі спачын амаль тры тысячы чалавек.
У выніку маштабнага гістарычнага даследавання ўдалося вярнуць з забыцця 412 імёнаў. Былі ўстаноўлены іх прозвішчы, імёны, імёны па бацьку і гады жыцця.
— Мы павінны былі выгравіраваць усе гэтыя даныя на мемарыяльных плітах. Гэта і было зроблена ў рамках грамадзянскай ініцыятывы, — паведаміў кіраўнік раённага Савета дэпутатаў.

Праект стартаваў у красавіку гэтага года. Яго галоўнай мэтай стала не толькі нанясенне ўстаноўленых падчас даследавання імёнаў на памятныя таблічкі, але і вяртанне гэтых людзей у гістарычную памяць краіны.
— Мэта — працягнуць работу і вярнуць у гісторыю ўсіх пахаваных у гэтай магіле, — канстатаваў Эдуард Кандзярэшка.
У рамках рэалізацыі праекта была поўнасцю абноўлена тэрыторыя мемарыяла. Знеслі аварыйныя дрэвы, замянілі агароджу, вакол месца пахавання ўладкавалі новы пастамент. Усё гэта дазволіла стварыць сучасную добраўпарадкаваную прастору, якая захоўвае памяць пра ахвяр вайны.
— Нам удалося захаваць тую памяць, якая сёння ў нас ёсць, і перадаць яе новым пакаленням. Думаю, задача праекта дасягнута, — адзначыў суразмоўнік.
Да рэалізацыі праекта далучыліся многія жыхары раёна. Падчас рэспубліканскага суботніка добраахвотнікі расчышчалі тэрыторыю, дэманціравалі старую агароджу і выдалялі аварыйныя дрэвы. У работах таксама ўдзельнічалі Маларыцкая ЖКГ і студэнцкі атрад.

Агульны кошт грамадзянскай ініцыятывы склаў 94 300 рублёў. Паводле заканадаўства, 10 % гэтай сумы павінны былі ўнесці самі ініцыятары праекта. Неабходныя 9430 рублёў дапамаглі сабраць прадпрыемствы ТАА «Бізон» і ТАА «Капікон», а таксама жыхары Маларытчыны, якія падтрымалі ініцыятыву. Астатнія сродкі былі выдзелены дзякуючы механізму суфінансавання грамадзянскіх ініцыятыў з абласнога бюджэту.
Удзел людзей у фінансаванні і фізічнай працы фарміруе асаблівае стаўленне да вынікаў такой дзейнасці, лічыць Эдуард Кандзярэшка:
— Калі нехта ўдзельнічае рублём, а нехта — сваёй працай, тады з’яўляецца зусім іншае стаўленне да месца, дзе рэалізуецца грамадзянская ініцыятыва. Яно становіцца сваім. А тое, што людзі зрабілі ўласнымі рукамі, яны будуць больш берагчы.
Па словах кіраўніка раённага Савета дэпутатаў, вопыт праекта пацвердзіў эфектыўнасць грамадзянскіх ініцыятыў. У будучыні ў Маларыцкім раёне плануюць і далей выкарыстоўваць гэты механізм для добраўпарадкавання тэрыторый, навядзення парадку на месцах пахаванняў, стварэння дзіцячых пляцовак і рэалізацыі іншых карысных для жыхароў праектаў.
— Работа не спыняецца і будзе працягвацца яшчэ больш інтэнсіўна. Добры праект заўсёды знойдзе падтрымку людзей і абавязкова будзе рэалізаваны, — не сумняваецца Эдуард Кандзярэшка.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Маларыцкага райвыканкама