Top.Mail.Ru

У Мар’інай Горцы ўшанавалі найлепшых аграрыяў Міншчыны

Наперад — з тым жа энтузіязмам

Мінская вобласць — штогадовы лідар у АПК краіны. Сёлета цэнтральны рэгіён устанавіў наступныя рэкорды: агульны намалот склаў больш за 2,7 мільёна тон з рапсам і кукурузай (чвэрць ад усяго рэспубліканскага каравая), ураджайнасць збожжавых — 50 ц/га, узровень нарыхтоўкі кармоў на ўмоўную галаву — 35 цэнтнераў кармавых адзінак. Акрамя таго, на Міншчыне дасягнута лепшая ў краіне ўраджайнасць рапсу. За 11 месяцаў гэтага года ў вобласці ўжо было выраблена больш за 2 мільёны тон малака і мільярд яек! Без чалавечых рук і жадання працаваць дасягнуць гэтых вынікаў было б, напэўна, немагчыма. Надышоў час узнагароджваць працаўнікоў вёскі!

У чацвер, 4 снежня, на сцэне Пухавіцкага цэнтра культуры старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка адзначыў заслужанымі ўзнагародамі найлепшых з іх — пераможцаў абласнога спаборніцтва за найвышэйшыя вынікі ў развіцці АПК.

  • Перад пачаткам урачыстай цырымоніі кіраўнік цэнтральнага рэгіёна прайшоўся па горадзе майстроў, азнаёміўся са школьнымі бізнес-кампаніямі, наведаў выставу прадпрыемстваў АПК. Губернатар Міншчыны са сцэны адзначыў, што складанасць умоў надвор’я і мноства разнапланавых задач не перашкодзілі атрыманню дастойнага выніку.

Гонарам Беларусі губернатар назваў Паўла Шуцілу, механізатара гаспадаркі «Кухчыцы» Клецкага раёна. На камбайне «Гомсельмаш» ён сабраў звыш 8,5 тысячы тон збожжа.

Адзначыў Аляксей Кушнарэнка і высокі ўзровень арганізацыі абласнога свята «Дажынкі-2025» у Заслаўі. «Горад не толькі прыкметна змяніўся, але і атрымаў новы імпульс у сваім развіцці, ператвараючыся ў сапраўдную жамчужыну прысталічча», — сказаў старшыня Мінаблвыканкама.

Адзначыў ён і прадстаўнікоў галіны жывёлагадоўлі, якія з году ў год дэманструюць высокі прафесіяналізм у сваёй працы: «На Міншчыне толькі за 11 месяцаў 2025 года ўжо выраблена больш за 2 мільёны тон малака і мільярд яек! Працягваецца рэканструкцыя і ўзвядзенне новых малочнатаварных комплексаў. Уведзена ў эксплуатацыю 11 малочнатаварных комплексаў агульнай умяшчальнасцю 6,7 тысячы галоў. Усё гэта было б немагчыма без штодзённай карпатлівай працы і падтрымкі дзяржавы, без асабістай увагі Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які ўжо другі год запар адзначае працу работнікаў АПК Мінскай вобласці сваёй удзячнасцю. Найвышэйшая ацэнка, якая гаворыць пра нашу сістэму працы».

Сельская гаспадарка — гэта не проста праца, заявіў са сцэны Аляксей Кушнарэнка. «Гэта наша жыццё, нашы традыцыі і наша будучыня. Аграрыі — аснова харчовага суверэнітэту, і ад вас залежыць, каб кожны беларус мог быць упэўнены ў даступнасці і якасці прадуктаў харчавання. Перад намі стаяць амбіцыйныя мэты, і толькі разам, з тым жа энтузіязмам і любоўю да зямлі, якія заўсёды вам уласцівыя, мы зможам іх дасягнуць», — дадаў губернатар.

Спіс узнагароджаных — 280 чалавек: раёны і прадпрыемствы, якія сталі пераможцамі ў розных намінацыях. Таксама ўзнагарод удастоены найлепшыя жывёлаводы, аператары машыннага даення, галоўныя ветурачы, заатэхнікі. 

Так, у намінацыі «Рэалізацыя малака» (сярод рэгіёнаў) першае месца ў Салігорскага раёна, другім стаў Маладзечанскі, трэцім — Барысаўскі. У гэтай жа намінацыі сярод сельгасарганізацый першае месца заняло ААТ «Грыцкевічы», на другім — «Аграфірма «Фалічы». Трэцяе — у ААТ «Косіна».

Дыпломы старшыням райвыканкамаў, кіраўнікам гаспадарак уручыў Аляксей Кушнарэнка.

Адзначыў ён і пераможцаў у намінацыі «Вытворчасць і рэалізацыя жывёлы». Тут узнагароду з рук губернатара атрымалі кіраўнікі Капыльскага, Бярэзінскага і Вілейскага раёнаў. Найлепшым у вытворчасці травяных кармоў стаў Стаўбцоўскі раён, крыху не хапіла «да золата» Смалявіцкаму раёну, трэцяе месца забраў Лагойскі.

Па ўзнагароды на сцэну падымаліся і простыя працаўнікі — аператары машыннага даення, трактарысты-машыністы, заатэхнікі... Хтосьці быў удастоены медаля «За працоўныя заслугі», некаторым аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Шмат каму губернатар уручыў ганаровыя граматы Мінаблвыканкама, падзякі старшыні Мінаблвыканкама.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота прэс-службы Мінскага аблвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю