Top.Mail.Ru

У Мар’інай Горцы ўзнагародзілі пераможцаў абласнога конкурса «Малады лідар Міншчыны»

Вось ужо 10 гадоў запар абласны конкурс «Малады лідар Міншчыны» аб’ядноўвае ініцыятыўных, смелых і таленавітых. Яго ўдзельнікі распрацоўваюць унікальныя праекты ў самых розных сферах: ад адукацыі і культуры да медыцыны, прамысловасці і навуковай дзейнасці. Карэспандэнты «Звязды» пазнаёміліся бліжэй з маладымі лідарамі і даведаліся пра іх напрацоўкі, карысныя для ўсёй краіны.


Мінская вобласць па праве лічыцца кузняй талентаў. На гэтай багатай зямлі вучацца, ствараюць і робяць адкрыцці тыя, хто заўтра будзе вызначаць развіццё ўсёй краіны. У гэтым пераконваемся на свае вочы. Так, сярод шматлікіх праектаў — лічбавыя тэхналогіі ў інклюзіўным адукацыйным працэсе, праекты «Зялёная школа», «Ёсць кантакт», «Спадчыннікі ў белых халатах», «Формула ўсмешкі», вэб-платформа для біяінфармацыйнай апрацоўкі даных, высокапрадукцыйнага секвеніравання і многае іншае. Гэта не проста ідэі, а рэальныя крокі да развіцця Мінскай вобласці.

1749562022372.jpg

Як адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка, звяртаючыся да маладых людзей, асноўная мэта конкурсу «Малады лідар Міншчыны» — выявіць і падтрымаць тых, хто не баіцца браць на сябе адказнасць і крэатыўна падыходзіць да вырашэння складаных задач: «У нас таленавітая моладзь, гатовая да дзеяння і здольная натхняць. Вашы ідэі ахапілі розныя сферы: ад адукацыі і культуры да медыцыны, прамысловасці і навуковай дзейнасці. На ўзроўні Мінскага аблвыканкама мы і далей працягнем падтрымліваць моладзь, ствараць умовы для рэалізацыі вашага патэнцыялу. Конкурс — гэта толькі адзін з крокаў на гэтым шляху». Штогод на Міншчыне пачынаюць працоўную дзейнасць амаль 5 тысяч маладых спецыялістаў, пераважная большасць з якіх працуе ў сферы прамысловасці, АПК, аховы здароўя і адукацыі. «І гэта не проста лічбы, а будучыня нашай эканомікі, сельскай гаспадаркі і сацыяльнай сферы», — падкрэсліў губернатар.

Сярод тых, хто стаў «Маладым лідарам Міншчыны» і атрымаў кнігу «Наш Прэзідэнт» з рук старшыні аблвыканкама, — спецыяліст па сацыяльнай рабоце Капыльскага ТЦСАН Наталля Арцюшэўская. Дзяўчына рэалізоўвае ў тэрытарыяльным цэнтры праект «Жыццё на кончыках пальцаў». «Працуем з людзьмі сталага ўзросту, інвалідамі з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі здароўя. Праводзім мерапрыемствы па аднаўленні рухомасці верхніх канечнасцяў. Для гэтага выкарыстоўваем методыку, якая развівае дробную маторыку пальцаў, прычым практыкаванні можна рабіць і ў хатніх умовах. Сацыяльныя работнікі, сядзелкі і самі падапечныя праходзяць навучанне тэхналогіям такой адаптаванай фізікі».

1749562022437.jpg

Старшы інструктар-ратавальнік Пухавіцкага РАНС Мікіта Крот — аўтар праекта «Віртуальны горад прафесій». «Перш чым зрабіць важны выбар, які ўплывае на ўсё далейшае жыццё, маладому чалавеку варта паспрабаваць сябе ў той ці іншай прафесіі віртуальна, — расказвае ён. — Такое паглыбленне ў інтэрактыўны свет прафесій і атрыманне практыкі работы ў розных сферах — гэта магчымасць зразумець, адчуць прафесію знутры. І, як вынік, зрабіць правільны, усвядомлены выбар».

Малады спецыяліст, настаўніца англійскай мовы Сёмкаўскай сярэдняй школы Мінскага раёна Марыя Баранава распрацавала праект «Лічбавыя тэхналогіі ў інклюзіўным адукацыйным працэсе». «У нашай установе навучаюцца дзеткі з асаблівасцямі развіцця. Многія не могуць пісаць, у кагосьці парушана маўленне. Я знайшла шмат карысных платформ, дзе рэальна ствараць гульні, мультфільмы, якія дазваляюць карэкціраваць артыкуляцыю, вымаўленне. Прычым гэта можа зрабіць кожны, у тым ліку бацькі», — патлумачыла яна.

1749562022493.jpg

1749562022616.jpg

Усяго дыпломы пераможцаў абласнога конкурсу «Малады лідар Міншчыны» атрымалі 14 чалавек.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

г. Мар’іна Горка

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю