Top.Mail.Ru

У МАРГ абмеркавалі прасоўванне беларускіх санітарна-гігіенічных вырабаў

У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю прайшоў семінар, прысвечаны павышэнню продажаў айчынных санітарна-гігіенічных вырабаў з паперы. У ім удзельнічалі вытворцы, прадстаўнікі гандлёвых сетак і абласных выканкамаў.


Першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Таццяна Шаўцова адзначыла, што гэта катэгорыя тавараў штодзённа запатрабавана ў кожнай сям’і. Па ацэнках канцэрна «Беллеспаперапрам» за год у краіне спажываецца больш за 40 тысяч тон папяровых вырабаў, больш за 600 мільёнаў штук падгузнікаў: 

— Аб’ёмы вялікія, і ў нас дастаткова вытворцаў, якія здольныя забяспечыць унутраны рынак гэтай прадукцыяй. Прычым у іх ёсць рэзервы ў тым ліку па павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці, — адзначыла Таццяна Шаўцова. — Мэта сённяшняй сустрэчы — наладзіць узаемадзеянне паміж вытворцамі і гандлёвымі сеткамі, каб выбудаваць дыялог, каб было выгадна і вытворцам, і канечнаму спажыўцу.

Асноўныя пытанні — выхад новага тавару на паліцы, праблема недастатковай рэкламы з боку вытворцаў і неабходнасць маркетынгавага ўзаемадзеяння. Вядомыя замежныя брэнды часцей прыцягваюць увагу пакупніка, таму без актыўнага прасоўвання айчынным таварам складана канкурыраваць.

Але, як адзначыла Таццяна Шаўцова, многія пазіцыі сёння закрываюцца беларускімі вытворцамі. Таму важна максімальна шырока прадстаўляць іх у гандлёвых аб’ектах і выразна пазначаць, што гэта беларускі тавар. Часам вытворцы, імкнучыся зрабіць прадукцыю больш прывабнай, выкарыстоўваюць замежныя словы, назвы, хаця насамрэч гэта айчынны прадукт, падкрэсліла першы намеснік міністра.

Дарэчы, санітарна-гігіенічныя вырабы і сродкі асабістай гігіены ўключаны ў абавязковы пералік тавараў, якія павінны быць прадстаўлены ў магазінах. МАРГ і абласныя выканкамы ажыццяўляюць за гэтым пільны кантроль. 

Аміна НАЗАРАВА 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю