Top.Mail.Ru

У МАРГ расказалі пра нюансы Закона «Аб абароне праў спажыўцоў»

Што рабіць, калі ў набытым вамі тавары праявіўся недахоп? А як паводзіць сябе яго прадаўцу? Начальнік упраўлення абароны праў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іна Гаўрыльчык разабрала тыповыя парушэнні і дала дакладныя рэкамендацыі абодвум бакам гандлёвага працэсу.



«Вы спазніліся!»

Распаўсюджаная памылка, якой часта карыстаюцца нядобрасумленныя рытэйлеры, звязана з дапушчальнымі тэрмінамі прад’яўлення прэтэнзій — нібыта іх можна прад’яўляць на працягу толькі двух тыдняў. Насамрэч гэта парушэнне Закона «Аб абароне праў спажыўцоў» — праславуты двухтыднёвы тэрмін устаноўлены толькі для тавараў належнай якасці. Калі ж гаворка ідзе аб наяўнасці недахопаў, спажывец захоўвае права звярнуцца да прадаўца на працягу ўстаноўленага гарантыяй часу, калі ён не ўстаноўлены — на працягу двух гадоў з моманту перадачы тавару.

Яшчэ адна частая хітрасць — спроба перанакіраваць пакупніка адразу ў сэрвісны цэнтр. Аднак на самай справе права выбару, куды звяртацца, заўсёды застаецца за спажыўцом. Ён можа пайсці наўпрост у сэрвіс, але калі абраў краму, то яна абавязана прыняць тавар. Асабліва гэта датычыцца буйнагабарытнай тэхнікі. «Спажывец можа прывезці такі тавар сам, але калі ў ім будзе знойдзены вытворчы брак, усе выдаткі на дастаўку прадавец будзе несці сам. Таму прадаўцам варта ацэньваць фінансавыя рызыкі, — раіць Іна Гаўрыльчык. — Лепш правільна выканаць закон і накіраваць да спажыўца майстра. Часцей за ўсё гэта датычыцца пральных машын, халадзільнікаў і г. д.»

Пасля прыняцця тавару неналежнай якасці прадавец у выпадку неабходнасці абавязаны арганізаваць праверку якасці — аб гэтым гаворыцца ў п. 11 арт. 20 Закона «Аб абароне праў спажыўцоў». Неабходнасць у гэтым узнікае, калі характар недахопу невідавочны пры візуальным аглядзе, без парушэння цэласнасці тавару. Спажывец павінен быць дасведчаны аб месцы правядзення і часе праверкі, якую неабходна ажыццявіць не пазней за 7 дзён пасля атрымання прадаўцом тавару. А пакупніку, дарэчы, неабходна вельмі ўважліва, зазначае спецыяліст, ставіцца да афармлення дакументаў пры яго перадачы: «У форме акта аб перадачы тавару ёсць графа „Устараненне недахопаў“. Там адзнака ставіцца толькі ў тым выпадку, калі спажывец жадае выправіць дэфект. Калі адзнакі няма, значыць, ні прадавец, ні рамонтная арганізацыя не будуць прыступаць да ўстаранення».

Грошы не на вецер

Але вось — праверка якасці праведзена, вытворчы недахоп сапраўды быў знойдзены. А што рабіць далей? 

З боку прадаўца — задавальняць патрабаванні спажыўца і ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны, у тым ліку ў частцы вяртання грашовых сродкаў. Пры гэтым, паводле слоў спецыяліста, пакупнік можа патрабаваць абмен тавару з дэфектам на якасны: «Прапанаваць адрамантаваць тавар прадавец або рамонтная арганізацыя, вядома, мае права, але калі спажывец з гэтым не пагаджаецца, то задавальняецца менавіта заяўленае ім патрабаванне».

І настойваць на ўласным варыянце вырашэння сітуацыі — казаць, напрыклад, што права на вяртанне грошай няма, — прадавец не паўнамоцны. Больш за тое, Закон «Аб абароне праў спажыўцоў» у частцы задавальнення законных патрабаванняў, якія ўзніклі ў сувязі з недахопам тавару, мінімізуе фінансавыя выдаткі прадаўца. Калі ж тэрміны парушаны, спажывец мае права запатрабаваць няўстойку ў памеры 1 % за кожны дзень пратэрміноўкі.

Калі пасля праверкі якасці аказваецца, што справа не ў заводскім браку, а, напрыклад, у няправільнай эксплуатацыі (з чым спажывец, як правіла, не згодны), узнікае неабходнасць экспертызы. Нават калі гарантыйны тэрмін ужо скончыўся, у выпадку спрэчкі прадавец абавязаны правесці яе за свой кошт і абавязкова паведаміць аб экспертызе ў пісьмовай форме. Праўда, у гэтым выпадку цяжар даказвання дрэннай якасці тавару ляжыць на пакупніку. Калі і гэтым разам будзе ўстаноўлена, што віны вытворцы або прадаўца няма, спажывец кампенсуе выдаткі. Асобнага тлумачэння патрабуе пытанне формы вяртання грошай. Тут працуе агульны прынцып — тым жа спосабам, якім была праведзена аплата (наяўнымі або на картку). Аднак закон дапускае іншы парадак па пагадненні бакоў.

Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю