Падрыхтавана да друку і ўбачыць свет анталогія беларускай паэзіі на марыйскай мове.
Падрыхтавана да друку і ўбачыць свет анталогія беларускай паэзіі на марыйскай мове.
Каменціруе падзею дэпутат Дзяржаўнага сходу Рэспублікі Марый Эл, дырэктар Выдавецкага дома «Марыйскае кніжнае выдавецтва» Эдуард Іманаеў: «У нас за апошнія гады, амаль ужо за дзесяцігоддзе, склаліся добрыя адносіны з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, мінскімі кніжнымі выдавецтвамі — Выдавецкім домам „Звязда“, выдавецтвамі „Беларусь“ і „Мастацкая літаратура“. Гэта і паспрыяла нараджэнню новых беларускіх кніг на марыйскай мове. Склаўся своеасаблівы творчы пул перакладчыкаў, уважлівых да беларускай паэзіі, прозы, беларускай дзіцячай літаратуры. Выйшла тры перакладныя кнігі. Шмат намаганняў у гэтай справе належыць нашаму вядомаму пісьменніку Юрыю Салаўёву. У літаратурна-перыядычным і грамадска-палітычным друку змешчана нямала твораў беларускіх паэтаў, над пераўвасабленнем якіх працавалі Анатоль Ціміркаеў, Святлана Грыгор’ева-Сато, Ігар Папоў, Генадзь Аяр. І вось зараз наспеў час для выдання грунтоўнай анталогіі беларускай паэзіі на марыйскай мове. Кніга — у нашых сёлетніх планах, зацверджаных урадам рэспублікі. Ужо ідзе працэс яе падрыхтоўкі да друку».
Аўтарскі склад марыйскага выдання пачынаецца нашымі класікамі — народнымі паэтамі Беларусі Янкам Купалам і Якубам Коласам. У кнізе — і творчасць сучасных беларускіх паэтаў. «Шырока прадстаўлены і брэсцкі рэгіён, — працягвае Эдуард Іманаеў. — У часопісе „Ончыко“ папярэдне былі надрукаваны творы Таццяны Дземідовіч, Валерыя Грышкаўца, Васіля Казачонка, Кастуся Турко, Яўгеніі Янішчыц... Як мне падалося, праз іх вершы я адчуў подых Берасцейшчыны, гераічнай Брэсцкай зямлі, якую мы ведаем праз Брэсцкую крэпасць-герой, праз Белавежскую пушчу...»
У планах супрацоўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі і Марыйскага кніжнага выдавецтва — і іншыя кніжныя праекты.
Мікола БЕРЛЕЖ