Першае беспілотнае таксі можа з’явіцца ў Маскве ўжо ў наступным годзе, але пакуль з кіроўцам-выпрабавальнікам у салоне. Пра гэта паведаміў Прэм’ер Расіі Міхаіл Мішусцін, паведаміла БелТА.
«Фарміраванне паўнавартаснага рынку наземных перавозак беспілотным транспартам працягнецца. Камерцыйныя кампаніі працуюць над тым, каб ужо ў наступным годзе ў сталіцы запусціць першыя беспілотныя таксі з кіроўцам-выпрабавальнікам у салоне», — расказаў расійскі прэм’ер.
Ён акцэнтаваў увагу на тым, што такія тэхналогіі павінны быць укаранёны толькі пасля таго, як пройдуць усе неабходныя выпрабаванні, пацвердзіўшы сваю бяспеку для грамадзян.
Мішусцін нагадаў, што ў кастрычніку аўтаномны легкавы аўтамабіль ужо здзейсніў самастойную паездку з Тулы ў Маскву і назад. Пры гэтым кіроўца-выпрабавальнік, які знаходзіўся ў машыне, ні разу не ўмешваўся ў кіраванне.
У жніўні мэр Масквы Сяргей Сабянін заяўляў, што рана ці позна ўвесь грамадскі транспарт стане беспілотным, аднак для гэтага могуць спатрэбіцца дзесяцігоддзі.