Top.Mail.Ru

У Маскве пад беларускім старшынствам адбылося пасяджэнне Эканамічнага савета Садружнасці

Лагістыка і перазагрузка СНД


Пасяджэнне Эканамічнага савета СНД адбылося 5 снежня ў Маскве. Яно прайшло пад старшынствам віцэ-прэм’ера Беларусі Наталлі Пяткевіч. Па просьбе БелТА віцэ-прэм’ер пракаменціравала яго вынікі. 

Наталля Пяткевіч адзначыла, што Эканамсавет СНД прайшоў напярэдадні сустрэч на вышэйшым і высокім узроўні ў фармаце СНД, таму віцэ-прэм’еры разгледзелі завяршальныя працэдуры перад перадачай шэрагу пытанняў на ўзровень прэм’ер-міністраў. «Вядома, асноўныя пытанні, якія нас вельмі цікавяць, — гэта ўдасканаленне лагістыкі. Уласна, пра гэта гаварылі сёння ўсе нашы калегі. Бо тэрыторыя СНД — гэта 16 працэнтаў сусветнай тэрыторыі, таму, вядома, спалучанасць усіх лагістычных шляхоў рознымі відамі транспарту мае важнае значэнне. Таму што гэта не проста транспартны шлях, гэта ўдасканаленне інфраструктуры, пераадоленне бар’ераў, лічбавізацыя. Гэта комплекс тых сфер, якія павысяць узровень лагістыкі на прасторы СНД», — сказала яна. 

«СНД функцыянуе, разглядаюцца комплексныя пытанні, якія маюць важнае значэнне. І ў працэсе падрыхтоўкі гэтых пытанняў ідзе і сінхранізацыя падыходаў, і гарманізацыя заканадаўства, і абмен вопытам. Гэта адчуваецца і ў прапрацоўцы пытанняў на экспертным узроўні», — адзначыла віцэ-прэм’ер.

Адным з важных дасягненняў СНД Наталля Пяткевіч назвала той факт, што Садружнасць стала працаваць на міжнародным трэку. Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што формула «СНД+» распаўсюджваецца не толькі на ўзаемадзеянне СНД з іншымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі ў цэлым, але і працуе на галіновым узроўні. «Вось гэта вельмі добра, што міжнародны трэк мае канкрэтнае праламленне. Мы сёння ў вузкім складзе гаварылі аб тым, што, напэўна, настаў час ужо і крыху перазагрузіць СНД у больш канкрэтную плоскасць. І ад распрацоўкі такога фармату, формулы, трэка пэўнага перайсці ўжо на кропкавыя праекты і выпрацоўваць канкрэтныя механізмы рэалізацыі па тых ці іншых кірунках», — падкрэсліла Наталля Пяткевіч. 

На пасяджэнні быў разгледжаны праект канцэпцыі спалучэння галоўных транспартных артэрый, якія праходзяць па тэрыторыях дзяржаў — удзельніц СНД. Таксама асобна абмеркавалі пытанні развіцця чыгуначнага транспарту. 

Эканамсавет СНД зацвердзіў план мерапрыемстваў, прысвечаных 35-годдзю Садружнасці. Таксама быў зацверджаны комплекс мер па развіцці і стымуляванні выкарыстання прыроднага газу ў якасці маторнага паліва для транспартных сродкаў дзяржаў — удзельніц СНД і план мерапрыемстваў па рэалізацыі стратэгіі развіцця гідраметэаралагічнай дзейнасці дзяржаў — удзельніц СНД на 2026—2030 гады.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю