«Час настойліва патрабуе ад нас умацавання супрацоўніцтва ў рамках арганізацыі»
У сераду Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. У Маскве лідары краін абмеркавалі пытанні дзейнасці Арганізацыі, разгледзелі актуальныя праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. У сваім выступленні кіраўнік дзяржавы падрабязна спыніўся на пытаннях забеспячэння калектыўнай бяспекі на еўразійскай прасторы, прадставіў пазіцыю Мінска па ключавых кірунках развіцця АДКБ.
Пасля ўрачыстай цырымоніі фатаграфавання кіраўнікі дзяржаў прыступілі да ўдзелу ў сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. Прэзідэнты зверылі пазіцыі па многіх пытаннях і задалі арыенціры ў далейшым супрацоўніцтве. Па выніках перагавораў бакі падпісалі вялікі пакет дакументаў.
«Мы вітаем намаганні па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне»
У сваім выступленні на сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «На жаль, міждзяржаўных супярэчнасцяў і канфліктаў у свеце сёння нямала. Таму мы вітаем намаганні па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне і тую гнуткую пазіцыю, якую Прэзідэнт Расіі і кіраўніцтва займаюць у гэтых перагаворах».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на мілітарызацыю краін Захаду, якая працягваецца. «Нас папракаюць, асабліва Беларусь і Расію, у тым, што мы да 2030 года рыхтуемся да вайны і гатовыя ваяваць супраць НАТА і ўсяго Еўрапейскага саюза. Нічога падобнага ў Беларусі і Расіі няма. Мы ўжо некалькі разоў гаварылі пра гэта, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Наадварот, мы бачым прыстойныя выдаткі еўрапейцаў на так званую бяспеку – пытанне, ад каго».
У якасці аднаго з прыкладаў кіраўнік дзяржавы ўказаў на інжынернае абсталяванне граніц і прыгранічных тэрыторый Польшчай і краінамі Балтыі. На гэтыя мэты выдзелена каля 15 мільярдаў долараў. «Небяспеку выклікае тое, што каля нашых граніц ідзе трэніроўка войскаў і спецпадраздзяленняў, і небяспека складаецца ў тым, што працягваецца мілітарызацыя краін Захаду. Сотні мільярдаў долараў трацяцца на закупкі ўзбраенняў, – канстатаваў ён. – Ясна, што не мы разлічваем ваяваць, а той, хто купляе гэту зброю. Выдаткі на вайну, на жаль, растуць».
Прэзідэнт таксама адзначыў, што насцярожанасць выклікаюць пратэсты, якія праходзяць у краінах Еўропы. Ён звярнуў увагу на тое, што для вырашэння гэтых праблем кіраўніцтва еўрапейскіх дзяржаў можа выкарыстоўваць ваенную эскалацыю. «Часта бывала ў гісторыі: каб выйсці з гэтай сітуацыі на месцах, улады выкарыстоўвалі больш небяспечныя моманты, асабліва эскалацыю ў ваенных адносінах, што датычыцца Украіны, або стварэння новых ачагоў напружанасці. Каб выйсці з гэтай сітуацыі і паказаць насельніцтву сваіх краін, хто вінаваты. Паказваюць пальцам у наш бок, таму мы вымушаныя і павінны будзем рэагаваць», – заявіў ён.
«Мяркуем мэтазгодным узмацніць работу ў кірунку ўмацавання ваеннага патэнцыялу АДКБ»
Прэзідэнт заклікаў да ўмацавання ваеннага патэнцыялу АДКБ. «Мяркуем мэтазгодным узмацніць работу ў кірунку ўмацавання ваеннага патэнцыялу АДКБ», – заявіў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым ён падтрымаў рашэнні ў дачыненні да мабільных падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны для забеспячэння работы войскаў АДКБ, а таксама па пытаннях удасканалення Калектыўных авіяцыйных сіл, якія былі вынесеныя на саміт.
«Гэта прыклад таго, што мы павінны пастаянна ажыццяўляць адаптацыю распрацаваных намі ваенных механізмаў забеспячэння калектыўнай бяспекі да рэалій сённяшняга дня. Нам трэба ўлічваць вопыт сучасных узброеных канфліктаў, у першую чаргу ў кантэксце прымянення беспілотнікаў і эфектыўнага процідзеяння ім (гэта яшчэ важней)», – перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы.
Беларускі лідар акцэнтаваў увагу на так званых гібрыдных выкліках і пагрозах у кантэксце палітыкі Захаду: «Паглядзіце, як нашы заходнія суседзі пашырылі паняцце «гібрыдная пагроза». Яны ўключылі ў яго нелегальную міграцыю і кантрабанду. Дарэчы, у якіх яны самі перш за ўсё замешаныя».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на ўсе дэкларацыі аб абарончым характары, агульнаеўрапейская «антыгібрыдная» сістэма часта выходзіць за тэрыторыю Еўрасаюза, праводзячы падрыўную работу ў трэціх краінах. «Прыклад – мэтавыя групы Еўрапейскага саюза па барацьбе з гібрыднымі пагрозамі, разгорнутыя напярэдадні важных электаральных кампаній у шэрагу дзяржаў постсавецкай прасторы. Нібыта з мэтай «процідзеяння замежнаму ўмяшанню». Цікава атрымліваецца – умяшанне ў мэтах процідзеяння ўмяшанню», – заўважыў ён.
«Ідзе фундаментальны зрух у характары ваенных канфліктаў»
«Нашы заходнія апаненты нездарма кажуць, што «танней мабілізаваць алгарытмы, чым арміі», – гэта цытата. Ідзе фундаментальны зрух у характары ваенных канфліктаў – ад класічных баявых дзеянняў да асіметрычных, нізказатратных інструментаў уздзеяння, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Мэтавыя хакерскія атакі, арміі ботаў, выкарыстанне проксі-хакерскіх груп, генерацыя фэйкаў несувымерна таннейшыя за стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі і крылатыя ракеты, але пры гэтым могуць нанесці сур'ёзную шкоду». Кіраўнік беларускай дзяржавы перакананы: усё гэта нацэлена на ўнутраны падрыў дзяржавы, што не менш небяспечна для людзей, чым ваенная агрэсія.
Беларускі лідар выказаў упэўненасць, што АДКБ не павінна заставацца на абочыне сучасных тэхналагічных працэсаў, асабліва калі гаворка ідзе аб суверэнітэце і нацыянальнай бяспецы. «Штучны інтэлект – з гэтай жа серыі. Перабольшваць толькі не трэба – разабрацца перш за ўсё», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
«Варта ўзмацніць узаемадзеянне АДКБ з ШАС і СНД»
«Гэты год прадэманстраваў істотную трансфармацыю тэрарыстычнай дзейнасці. Пры гэтым, па сутнасці, яе суб'ектам стала цэлая дзяржава, а тэрарызм – першарадным інструментам вырашэння палітычных пытанняў у двухбаковых адносінах, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – На сістэмнай аснове адпрацоўваюцца ўдары па энергетычнай і грамадзянскай інфраструктуры – аб'ектах энергетыкі, лагістычных комплексах, дата-цэнтрах, аўтатранспарце, турыстычных аб'ектах».

Кіраўнік беларускай дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў своечасовасць прыняцця Антытэрарыстычнай стратэгіі АДКБ да 2030 года. З улікам уплыву сацыяльных сетак і IT-тэхналогій неабходныя новыя падыходы да работы па прафілактыцы распаўсюджвання міжнароднага тэрарызму і экстрэмізму. «У гэтым пытанні варта ўзмацніць узаемадзеянне АДКБ з ШАС і СНД, выкарыстоўваючы моцныя бакі, прафесійныя кампетэнцыі кожнай арганізацыі», – падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на неабходнасць умацоўваць парламенцкае вымярэнне ў мэтах далейшага развіцця АДКБ у якасці паўнавартаснай міжнароднай арганізацыі ў сферы бяспекі. Старт гэтаму быў дадзены на Мінскай сесіі Савета калектыўнай бяспекі ў 2006 годзе. «Некалькі слоў пра Сакратарыят АДКБ. У 2027 годзе ў яго складзе пачне работу інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне. Па гэтай прычыне разлічваем на значныя зрухі ва ўмацаванні дадзенага кампанента ў дзейнасці арганізацыі. Чым лепш мы інфармаваныя, тым мы мацнейшыя», – перакананы беларускі лідар.
«Гэты вопыт абавязкова павінен быць запатрабаваны ў працэсе пабудовы архітэктуры бяспекі на прасторы Еўразіі»
«Наша арганізацыя валодае велізарным нерастрачаным, я б сказаў, незадзейнічаным патэнцыялам у галіне забеспячэння бяспекі і стабільнасці. Напрацаваныя за дзесяцігоддзі ваенна-палітычныя інстытуты і механізмы ўнікальныя. Гэты вопыт абавязкова павінен быць запатрабаваны ў працэсе пабудовы архітэктуры бяспекі на прасторы Еўразіі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў упэўненасць у тым, што АДКБ магла б стаць ваенна-палітычным падмуркам Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі, якую Беларусь прасоўвае разам з Расіяй і іншымі партнёрамі. «Мы ўдзячныя ўсім краінам АДКБ за падтрымку запуску перагаворнага працэсу па хартыі. Чакаем вашага актыўнага ўдзелу ва ўзгадненні дакумента», – запэўніў ён.
«Час настойліва патрабуе ад нас умацавання супрацоўніцтва ў рамках арганізацыі. Узгодненасць дзеянняў, разуменне і падтрымка – толькі так АДКБ захаваецца зладжанай і будзе працаваць на карысць сваіх краін-членаў. Для гэтага ў нас ёсць усё – веды, неабходныя рэсурсы, інструментарый і інфраструктура. Трэба толькі крыху дадаць палітычнай волі і хуткасці ў рэалізацыі прынятых рашэнняў», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Каб кожны адчуваў, што можа абаперціся на плячо партнёра ці сябра, трэба рухацца, не трэба расслабляцца»
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прарэвізаваць раней прынятыя рашэнні і рабіць канкрэтныя крокі для павышэння эфектыўнасці АДКБ і іншых інтэграцыйных аб'яднанняў. «Мы неяк руцінна пачалі працаваць па ўсіх нашых саюзах – і эканамічных, і асабліва ваенна-палітычных, што недапушчальна ў цяперашняй сітуацыі. Нам трэба прарэвізаваць усе прынятыя рашэнні, трэба больш сур'ёзна ставіцца да парадку дня», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар звярнуў увагу, што на цяперашні саміт АДКБ вынесена каля двух дзясяткаў дакументаў: «Давайце шчыра: што, мы там у кожнае пытанне ўнікаем? Так, МЗС разгледзела, Мінабароны і іншае. Але пажадана, каб там былі асноўныя пытанні, якія датычацца лёсаў нашых дзяржаў, – падкрэсліў ён. – Каб Таджыкістан, маючы праблемы на граніцы, бачыў там сябе – як будзе вырашацца гэта праблема. Калі ў нас з Расіяй праблемы на Захадзе, каб мы з расіянамі бачылі аддачу. Ці хаця б запланаваную аддачу: не дай бог, нейкія канфлікты ўзнікнуць. Каб Казахстан, Кыргызстан бачылі нейкую карысць ад работы гэтай арганізацыі».
«Каб кожны адчуваў, што можа абаперціся на плячо партнёра ці сябра, трэба рухацца, не трэба расслабляцца, – перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы. – Нам трэба рабіць канкрэтныя крокі. Калі гэтых крокаў не будзе, мы вось так будзем збірацца, пагаворым, паглядзім адзін на аднаго, але трэба калектыўна спланаваць тое, што зацікавіць усе нашы дзяржавы».
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну за арганізацыю саміту АДКБ у Маскве: «Ведаю, што праблем і клопатаў заўсёды хапае пры арганізацыі любога мерапрыемства, таму я выказваю вам падзяку ад імя беларускай дэлегацыі».
Ён таксама выказаў падзяку генеральнаму сакратару АДКБ Таалатбеку Масадыкаву за ўдзел у IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па бяспецы ў Еўразіі. «Наколькі я ведаю па водгуках, канферэнцыя ўдалася – аператыўна, хутка, паспяхова прайшла», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на Міжнародны форум забеспячэння калектыўнай бяспекі, які праходзіў гэтымі днямі ў Маскве. «Ідзе абмен думкамі ўдзельнікаў гэтай канферэнцыі, якія належаць да эліты той ці іншай дзяржавы. Гэта таксама важна для нас сёння», – дадаў ён.
«Хачу пажадаць Прэзідэнту Таджыкістана Эмамалі Шарыпавічу паспяховага старшынства ў юбілейным для арганізацыі 2027 годзе. Я ўпэўнены, мы ўсе разам прыедзем у цудоўны горад Душанбэ і прымем удзел у нашым пасяджэнні», – рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Паводле БелТА і прэс-службы беларускага лідара
Аб чым гаварылі ўдзельнікі саміту
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін расказаў, чаму ўдзялялася вялікая ўвага ў час старшынства Расіі ў арганізацыі на працягу 2026 года.
«Вялікая ўвага традыцыйна ўдзялялася пытанням удасканалення аператыўнай і баявой падрыхтоўкі сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі», — сказаў Уладзімір Пуцін, гаворачы аб прыярытэтах Расіі ў перыяд старшынства ў АДКБ у 2026 годзе.
Прэзідэнт РФ дадаў, што на саміце неабходна прыняць важныя рашэнні аб далейшым развіцці Калектыўных сіл АДКБ. Размова ідзе ў тым ліку аб іх авіяцыйным складальніку і фарміраванні мабільных падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны пры ажыццяўленні сумесных вайсковых аперацый.
«Адзіныя падыходы да цяперашняй сітуацыі ў свеце і ў нашым рэгіёне, бачанне прыярытэтных кірункаў развіцця АДКБ адлюстраваны ў праекце дэкларацыі Савета калектыўнай бяспекі, якую, па ініцыятыве Расіі, прапанавана адобрыць на сённяшнім пасяджэнні», — адзначыў расійскі лідар.
Прыярытэты АДКБ у 2027 годзе ў час старшынства Таджыкістана назваў Прэзідэнт гэтай краіны Эмамалі Рахмон.
Паводле яго слоў, Таджыкістан у год старшынства ў АДКБ мае намер накіраваць намаганні на далейшае ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі, зыходзячы з дэвізу «Калектыўная бяспека, умацаванне рубяжоў, устойлівасць рэгіёна — сумесная адказнасць».
У ліку прыярытэтаў ён назваў умацаванне таджыкска-афганскай граніцы і павышэнне эфектыўнасці аховы знешніх рубяжоў зоны адказнасці АДКБ, удасканаленне гатоўнасці калектыўных сіл, развіццё ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і механізмаў крызіснага рэагавання, узмацненне процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму, незаконнаму абароту наркотыкаў і транснацыянальнай злачыннасці, умацаванне палітычнай каардынацыі і развіццё супрацоўніцтва з міжнароднымі і рэгіянальнымі арганізацыямі. Сярод прыярытэтаў таксама развіццё дагаворна-прававой базы і міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, павышэнне эфектыўнасці інфармацыйнай работы і фарміраванне аб’ектыўнага ўяўлення аб дзейнасці АДКБ.
«Асаблівая ўвага будзе ўдзелена практычнай рэалізацыі прынятых рашэнняў, умацаванню ўзаемадзеяння профільных ведамстваў і павышэнню гатоўнасці арганізацыі да аператыўнага рэагавання на ўзнікаючыя пагрозы», — заявіў Эмамалі Рахмон.
«Таджыкістан гатовы да канструктыўнага супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі-членамі і разлічвае на цеснае ўзаемадзеянне і падтрымку ў рэалізацыі прапанаваных прыярытэтаў», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аб заканадаўчай дзейнасці Парламенцкай асамблеі АДКБ расказаў яе старшыня Вячаслаў Валодзін.
Паводле яго слоў, у рамках рэалізацыі праграмы заканатворчай дзейнасці ПА АДКБ на 2026–2030 гады прадугледжана распрацоўка 45 мадэльных актаў. «Працягнем удзяляць першачарговую ўвагу пытанням эфектыўнага пераадолення пагроз і выклікаў сённяшняга дня. Яны ўключаюць у сябе меры па процідзеянні арганізаванай злачыннасці, тэрарызму і экстрэмізму, нелегальнай міграцыі, адмыванню злачынных даходаў, карупцыі, па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі, кібербяспекі, па процідзеянні замежнаму ўмяшанню ва ўнутраныя справы краін-удзельніц», — сказаў ён. Асаблівае значэнне надаецца распрацоўцы мадэльных актаў у сферы абароны гістарычнай памяці — каб не дапусціць адраджэння нацызму і яго рэабілітацыі.
«Са свайго боку ў парламенцкім вымярэнні мы пастараліся зрабіць усё для заканадаўчага забеспячэння вашых рашэнняў і павышэння эфектыўнасці Парламенцкай асамблеі, — звярнуўся Вячаслаў Валодзін да лідараў дзяржаў. — Працягнем працу над фарміраваннем адзінага прававога поля краін АДКБ».